Што яшчэ для шчасця трэба?

Лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо ў мяне дзве радзімы — два месцы, дзе я адпачываю душой і наталяю сілы.

 Нарадзілася, жыву і вучуся ў Мінску. Я люблю яго шырокія праспекты і велічныя дамы, што красуюцца ўздоўж іх. Часамі магу любавацца на калоны лангбардаўскай Акадэміі навук, або захапляцца мудрагелістымі ўпрыгожаннямі на фасадах усім вядомых блізнят — варот Мінска, якія мінчане не без жарта называюць башмакамі. Прайсціся па вуліцах горада — неверагодная асалода для мяне. Хтосьці скажа, што сумна гуляць аднаму, без кампаніі. Але я не адна блукаю між зяленых паркавых прысад, гарадскіх завулкаў і шэрых набярэжных — мой любімы горад разам са мной. О, які ён гаманлівы, калі мы застаёмся сам-насам, які абаяльны і прыгожы! Красуецца горад і какетнічае, дэманструе сябе ва ўсёй сваёй красе. Шчыра распавядаюць пра гісторыю Мінска шыльды на будынках, назвы вуліц, помнікі. Гонарам і шчасцем перапаўняюся, калі гляджу на гэты вялікі і прыгожы горад і разумею, што ён мая радзіма, а я яго мінчанка.

Ёсць у мяне і другая радзіма. Гэтаму мястэчку належыць другая палова майго сэрца. Гэта невялікі хутар на Мядзельшчыне. Мястэчка схавалася між глухіх лясоў, нават добрай дарогі да яго няма, таму мала хто дабіраецца сюды. Куды ні кінь вокам, усюды зялёная сцяна лістоты, толькі падняўшы галаву ўбачыш новы колер — блакітны небасхіл. Здаецца, пануюць і нават спаборнічаюць у ціхім куточку толькі гэтыя два колеры, але перавага застаецца за блакітным. Чаму? Распавяду пазней, крыху трывання.

 Можа, «хутар» для гараджан гучыць нязвыкла? Але для мяне няма нічога бліжэйшага і меладычнейшага за яго, бо на хутары я правяла сваё дзяцінства! Кожнае лета з пяці гадоў сюды мяне прывозілі да бабулі бацькі. Хутар складаецца з пяці вясковых дамоў. На польскі лад платы тут ніхто і ніколі не ставіў. Для мяне гэта з маленства было вялікай неспадзяванкай: вакол лес, і госцем па начах бывае дзік або нават мядзведзь ці воўк! Але і днём невялікая справа сустрэцца з лясным жыхаром. Любяць частавацца яблыкамі ў садзе алені, па палях перабягаюць статкі ласей… Усё для жыцця хутаране бяруць ад прыроды. О, якая яна тут шчодрая! Лес частуе ягадамі, грыбамі, арэхамі, зёлкамі, духмянымі кветкамі і крынічнай вадой. Чысцейшай і саладзейшай за яе няма!

На хутары ёсць усё, каб палюбіць прыроду Беларусі: зялёныя абшары лясоў, што з усіх чатырох бакоў абступілі хутар, побач з хатай невялікая сажалка, крыху далей ад пруда — балота з лягушкамі і вялікі стары сад, за домам бяжыць да лесу сцяжынка праз духмяныя палі. Але найвялікшы скарб хаваецца пасярод лесу. Сваю блакітную таямніцу прырода нібы спецыяльна схавала ад вачэй чалавека, каб ён ніколі не дайшоў, не даведаўся, не нашкодзіў ёй. Гэтая каштоўнасць — возера Нарач. Гэта для ўсіх яно самае вялікае ў Беларусі, а для мяне, як і для іншых, хто жыве на хутары, гэта самае прыгожае месца на зямлі. «Такой маленькай пасярод вялікага наваколля, як тут, на беразе Нарачы, напэўна, ніколі сябе не адчувала», — неяк прызналася мне бабуля, якая нарадзілася і вырасла ў гэтых мясцінах. І сапраўды так, менавіта тут, на беразе возера, адчуваеш сваю еднасць з роднай прыродай. Мне здаецца, што кожны чалавек адчуў бы тое ж самае, калі б стаў на бераг вялікага возера і паглядзеў бы на яго блакітнае люстра, у якое апракінуліся нябёсы і ў якім плывуць аблокі. У возера, як у мора, не бачна берага, здаецца, чысты-чысты блакіт запоўніў сабой усё вакол і блішчыць, зіхаціць у кожнай хвалі, што нават вачам глядзець балюча.

Якія ж багатыя людзі жывуць у гэтых пяці дамах хутара на беразе Нарачы. Якое гэта невыказнае шчасце — ведаць лясную сцежку да ляснога возера, мець магчымасць у любы момант прыйсці на нікому не вядомы бераг, каб падумаць пад гоман хвалей, каб пазахапляцца майстрыцай-прыродай, што стварыла гэты цуд…

Багаты чалавек і я, хоць не жыву круглы год на хутары. Багатая, бо маю дзве радзімы, дзве радасці, два месцы, куды завітваю ў думках, і дзе назаўсёды пакінула сваё сэрца.

Ангеліна Галубовіч

Мінск

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы “Бярозкі”:

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА

748222 — ведамасны

74879 — ведамасны льготны для ўстаноў адукацыі і культуры