Пісьменнікі прыйдуць ва ўніверсітэцкія аўдыторыі

Прайшла рабочая сустрэча рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта доктара педагагічных навук Андрэя Караля і старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктара — галоўнага рэдактара Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандра Карлюкевіча.

Размова ішла пра супрацоўніцтва пісьменніцкай грамадскасці са студэнцкай моладдзю, пра формы і метады, якія паспрыяюць большай грамадзянскай актыўнасці творчай моладзі. Дамоўлена аб правядзенні цэлага шэрагу мерапрыемстваў на розных пляцоўках Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Таксама паэты, празаікі, публіцысты краіны гатовы актыўна прыходзіць у студэнцкія аўдыторыі, выступаць не толькі з расповядам пра свае ўласныя творчыя здабыткі, але і дзяліцца жыццёвым, грамадскім вопытам.

Старшыня СПБ АляксандрКарлюкевіч вылучыў шэраг ініцыятыў, звязаных з пашырэннем вядомасці пра найболей важкія спецыяльнасці ўніверсітэта, агучыў гатоўнасць літаратараў падрыхтаваць пра БДУ некалькі папулярных мастацка-дакументальных кніг.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».