Мінск — Парыж праз Негарэлае, Стоўбцы

У 1920—1930-х гадах Беларусь атрымала гістарычную магчымасць быць паўнапраўным суб’ектам міжнародных культурных зносін. Цяпер шляхі не толькі вялі транзітам праз нашыя землі з Усходу на Захад і наадварот. З самога Мінска выпраўляліся прадстаўнічыя дэлегацыі, каб наладзіць супрацоўніцтва, расказаць пра маладую рэспубліку ўсяму свету. У сталіцы Беларусі замежных гасцей прымалі з падобнай мэтай. 

Якуб Колас. Парыж, 24 чэрвеня 1935 г.

Якуб Колас. Парыж, 24 чэрвеня 1935 г.

Падзеленасць 1921 года прадвызначыла адначасовае існаванне і непасрэднае суседства на беларускіх землях розных краін, грамадскіх ладаў, ідэалогій. Негарэлае — пункт адліку савецкай рэчаіснасці, Стоўбцы — капіталістычнай. Краіна Саветаў звонку ўспрымалася вельмі насцярожана, нават варожа, але экзотыка нечуванага сацыяльнага і нацыянальнага будаўніцтва прыцягвала паязджанаў.

Славацкімі вачыма

Пісьменнік Эла Шандар — амаль невядомы для беларускага чытача, але для нас асабліва цікавы, паколькі сябраваў з Янкам Купалам. Кіраўнік славацкага Таварыства культурных і эканамічных сувязей з СССР некалькі разоў пабываў у Савецкім Саюзе. Кніга «Мае ўражанні з падарожжа па СССР» (Браціслава, 1936) дэталёва фіксуе ўсе нюансы жыцця ў невядомай для еўрапейцаў краіне.

Некалькі каларытных падарожных эпізодаў прысвечана ўчастку чыгункі ад Стоўбцаў да Негарэлага: «Увесь гарыш ад нецярпення чым хутчэй убачыць мяжу і апынуцца на беларускай тэрыторыі, што ўласна ёсць Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, член Саюза, мяжуе з Польшчай. Цягнік ад Стоўбцаў праз мінуту будзе на савецкай тэрыторыі. Над уездам, хоць ужо вечарэла, мы ясна прачыталі надпіс на драўлянай арцы: “Привет трудящимся Запада”. За гэтымі варотамі, на савецкай тэрыторыі, цягнік спыніцца на дзве мінуты, каб савецкія мытнікі маглі праверыць шасі вагонаў, ці не едзе там нелегальна які-небудзь пасажыр. Мы між тым паспелі агледзець унутраны бок уязных варот, дзе зноў-такі быў другі надпіс: “Коммунизм сметет все границы”».

У кнізе «Браціслава — Масква» (1937) Эла Шандар пісаў, што на вакзале ў Мінску ўважліва прыглядаўся да людзей на пероне: спадзяваўся на шанц убачыць Янку Купалу… Але вернемся да папярэдняга выдання і разгледзім тагачаснае Негарэлае вачыма славацкага пісьменніка: «Мы на тэрыторыі дзяржавы. Вочы ўважліва сочаць за ўсім, што робіцца навокал. <…> Цягнік спыняецца на доўгай, добра асветленай станцыі. Уваходзіш на мытню, што знаходзіцца ў будынку станцыі. Яна моцна асветлена. Памяшканне абсталявана па-параднаму: паркетная падлога, новыя касы, усюды чыста. На сценах надпісы на многіх мовах свету: “Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!” На высокіх пастаментах у кутах вылучаюцца скульптуры Маркса, Энгельса, Леніна, Сталіна, па-мойму, толькі Варашылаў увасоблены на карціне. Мы ведаем, бальшавікі — майстры прапаганды, нават тут яны выдатна выкарыстоўваюць зацікаўленасць чужаземцаў».

Не белая Эйфелева вежа

Міжнародны кангрэс у абарону культуры (часам пісалі — у абарону міру), які  праходзіў у Парыжы 21—25 чэрвеня 1935 года, быў скліканы па ініцыятыве вядучых еўрапейскіх пісьменнікаў: Рамэна Ралана, Анры Барбюса, Андрэ Жыда, Луі Арагона і інш. У савецкім перыядычным друку паведамлялася, што форум адбываецца на фоне ідэалагічнага размежавання ў шэрагах інтэлігенцыі. «Литературная газета» пісала 20 чэрвеня 1935 года, што перадавыя пісьменнікі з усяго свету «выпрацуюць агульныя формы барацьбы за культуру, супраць капіталістычнага выраджэння і фашысцкага варварства».

У беспрэцэдэнтным па сваіх маштабах мерапрыемстве прынялі ўдзел 230 майстроў пяра з 35 краін свету. Склад савецкай дэлегацыі, у які пастаянна ўносіліся карэктывы, вызначаўся Палітбюро ЦК ВКП(б). У канчатковым варыянце Савецкі Саюз прадстаўлялі аўтары, якія фарміравалі творчае аблічча шматнацыянальнай краіны: Міхаіл Кальцоў, Аляксей Талстой, Ваграм Алазан, Галакціён Табідзэ і інш. Якуб Колас выступіў на кангрэсе з прамовай «Магутная савецкая рэчаіснасць жывіць нашы мыслі і нашы пачуцці».

На старонках газеты «Звязда» народны паэт Беларусі даў свае творчыя справаздачы пра паездку ў сталіцу Францыі. Першы нарыс «Падарожжа ў Парыж.

З блакнота дэлегата на Сусветным кангрэсе абароны міру» надрукаваны 21 ліпеня 1935 года. У асобна вылучаных шасці частках аўтар прадставіў і дарожныя зацемкі, прасякнутыя сумам па роднай старонцы, і дзённікавыя запісы адносна працы пісьменніцкага форуму, свайго бачання Парыжа — горада кантрастаў.

З акна цягніка паэт пільна ўглядаўся ў краявіды стаўбцоўскай зямлі, «якія тысячы раз перамераў сваімі нагамі гадоў 20—25 таму назад. Там маё роднае сяло, мястэчкі, Нёман. Што сталася з імі, як змяніліся яны?».

За Негарэлым — іншая рэчаіснасць. Журналісцкае, ідэалагічна выверанае пяро Якуба Коласа не саступае ў трапнасці ўласна пісьменніцкаму: «На станцыі мільгаюць паважныя, нават  надзьмутыя фігуры польскіх жандараў у шапках з агромнымі казыркамі. Яны закрываюць панскім жандарам вочы і палавіну носа. На патыліцы шапкі звужаны накшталт каравая. Гэтыя шапкі надаюць іх уласнікам від нейкіх фацэтных крумкачоў»; «Зірнуў на поле — яно ўсё зрэзана на вузкія-вузкія палоскі. Яны так непрывычны, так дзіўны для савецкага вока. Ад іх так патыхае ўбоствам».

Нарыс «На парыжскім бруку», апублікаваны ў звяздоўскім нумары ад 9 кастрычніка 1935 года, напоўнены шматлікімі дэталямі, партрэтнымі накідамі, а таксама асобнымі сцэнамі, выхапленымі з гарадскога жыцця.

Пісьменніцкая ўвага скіравана на абмалёўку сацыяльных кантрастаў: «…на рынку шмат спакусных для галодных рэчаў. Вось жанчына-гандлярка гатуе і тут жа прадае смажаную бульбу. “Адзін франк (8 кап.) порцыі!” — выгуквае яна. Галодныя людзі прагавіта глядзяць на гэту прынадную і спакуслівую для іх пустога жывата ежу, але падысці, каб купіць, не могуць: у іх няма франка». Невыпадкова тэкст нарыса ў газеце суправаджаў здымак з подпісам «Беспрацоўныя ў Парыжы».

Мастакоўская палітра поўніцца цікавымі назіраннямі адносна калег па пяры, што размясціліся ў гасцініцы «Палац-Гатэль»: «…сустрэнеш тут Усевалада Іванова, спакойнага, сканцэнтраванага ў сваіх думках, з прыхованым гумарам у невялічкіх удумлівых шэрых вачах». Івана Мікітэнкі «хапае ўсюды, ён увесь у руху, да ўсяго прыслухоўваецца, аб усім распытваецца». Анну Караваеву, якую «таксама вельмі часта згледзіш з пяром у руках і якую Аляксей Талстой пры спатканні называе “крошкай”». «Аляксей Талстой — жартаўнік: азначэнне “крошка” не зусім прыстае да фігурыстай і ёмкай Анны Караваевай. Яна гэта разумее і дабрадушна смяецца». Згаданай тут галоўнаму рэдактару часопіса «Молодая гвардия» Якуб Колас 22 кастрычніка напісаў ліст і выслаў нумар «Звязды» з нарысам і галантнай просьбай не крыўдзіцца на замалёўку яе партрэта.

Трэцяй справаздачай стаў верш «З дарогі», апублікаваны ў газеце 6 студзеня ўжо наступнага, 1936 года, у біяграфіі песняра адметны святкаваннем 30-годдзя яго творчай дзейнасці. Адмысловы твор з  характэрнай прыпіскай «Прысвячаю Заходняй Беларусі» не маглі не заўважыць адрасаты. Віленскі часопіс «Калоссе» (1936, № 5) паставіў шэраг матэрыялаў да юбілею песняра. Якубу Коласу прысвечаны «Тры песні» Максіма Танка, а таксама вершаваны трыпціх «Хмары над Нёманам» Міхася Машары.

У звяздоўскім варыянце поўны тэкст верша «З дарогі» складаўся з дзвюх кантрасных частак. Першая прысвечана настальгічным успамінам па родным краі. Другая па-выкрывальніцку адлюстроўвала панскія парадкі ў Заходняй Беларусі, пачыналася наступнымі радкамі: «Прайшоў час не малы, // К нам светлыя заглянулі дзянніцы, // А там, у бок Сулы, // Драпежныя арлы // Дзюб звесілі ў панурай таямніцы».  Аўтар прапанаваў сваю сімвалічную мяжу падзелу і змясціў падрадковую заўвагу, што Сула — «прыгранічная рэчка З. Беларусі». У «Калоссі» надрукавана толькі першая частка коласаўскага твора, дадзена рэдактарскае тлумачэнне: «Гэты верш аўтар прысвячае заходнебеларускім землям. У мінулым годзе ўлетку Я. Колас, едучы на кангрэс абароны культуры ў Парыж і назад, праязджаў праз Стоўбцы і іншыя паветы…»

«Прывет вам, вольныя паэты…»

У Мінску 10—16 лютага 1936 года праходзіў ІІІ пленум Праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР. Пра надзвычай важную падзею ў культурным жыцці краіны пісалі ўсе рэспубліканскія перыядычныя выданні. Напярэдадні форуму газета «Рабочий» ад 2 лютага 1935 года змясціла выказванне Якуба Коласа з гэтай нагоды: «Той факт, што пленум збіраецца ў сталіцы БССР, прырубежнай рэспубліцы з заходнім капіталістычным светам, павінен асабліва падкрэсліць, што абарончая мастацкая літаратура ў адпаведнасці з неспакойнай міжнароднай сітуацыяй павінна быць у цэнтры ўвагі пісьменніцкай грамадскасці нашага неахопнага Саюза».

На старонках газеты «Звязда» 10 лютага 1935 года «інжынераў чалавечых душ» віталі паэтычным словам народныя паэты Беларусі Янка Купала («Прывет вам…») і Якуб Колас («Песнярам Савецкай зямлі»). Перадавіца змяшчала загалоўныя тэксты: «Пленум вялікай дружбы народаў», «Трыумф ленінска-сталінскай нацыянальнай палітыкі» і інш. На наступных старонках рэпрэзентаваліся ўдзельнікі і праграмныя тэксты.

Верш «Кангрэс абароны культуры» ў перакладзе з украінскай Петруся Броўкі не мог не правесці паралелі з мінулагодняй падзеяй, пры параўнанні з якой мінскі форум выглядаў не менш маштабна і куды больш зладжана, выверана ў шэрагах удзельнікаў і іх пазіцый адносна актуальных праблем гісторыка-літаратурнага працэсу. Паўло Тычына, удзельнік мінулагодняга кангрэса, хоць і не прымаў «….Сюррэалістамі // пашыты культ Апалінэра», але спалучыў у сваім творы традыцыі славянскай ліра-эпікі, інавацыі еўрапейскага авангардызму і нават апалінэраўскае адмаўленне ад знакаў пунктуацыі ў асобных строфах.

«Што ні кажы, наш край багат!»

Коласаўская кангрэсіяна засведчылася не толькі ў трыбунна-плакатных выступленнях і афіцыйных творчых справаздачах. Культура інтэлектуальнай працы, узаемаадносін унутры пісьменніцкай карпарацыі спрыяла нараджэнню твораў зусім іншага кшталту — іранічных, даверлівых, з лёгкім мастакоўскім куражом.

Газета «Літаратура і мастацтва» ад 16 верасня 1935 года змясціла разам з сяброўскім шаржам Валянціна Волкава эпіграму Кандрата Крапівы, напісаную нібыта ад імя парыжскага паязджаніна, які далёка ад Радзімы сумаваў па любімым месцы адпачынку — невялікай вёсцы на Пухавіччыне:

Быў я ў Парыжы на кангрэсе —

То ў Загібельцы, браце, лепш:

Грыбоў няма ў Булонскім лесе,

А ў Сене — хоць бы адзін лешч.

У адказ Якуб Колас напісаў верш «Загібелька», датаваны 4 лістапада 1935 года, з прысвячэннем Кандрату Крапіве, у якім паэтычна-ёміста выклаў усе выгоды грыбнога краю: «Зірнеш на дол — убогі ён, // Адзін пясок, сухі, нішчымны, // Ды колькі тут наткаў красён // Чаборык, мох, зязюльчын лён // I верасок агніста-дымны!»

Дзеля доказу свайго асноўнага тэзіса — «Што ні кажы, наш край багат!» — Колас не пашкадаваў цэлага арсенала зваблівых вобразна-выяўленчых сродкаў. Творчаму візаві (і не толькі Кандрату Крапіве) нічога не застаецца, як пагадзіцца з аўтарскай высновай:

Калі агледзіш хвайнякі

I гэты кут пазнаеш бліжай,

Збіраючы баравікі, —

То вывад я раблю такі:

Мне Загібелька лепш Парыжа.

Для даследчыкаў асабістыя і творчыя ўзаемадачыненні беларускіх пісьменнікаў, Якуба Коласа — у прыватнасці, з замежнымі калегамі сфарміравалі цікавыя шматузроўневыя пласты культурнага супрацоўніцтва. Масавы чытач не можа не ацаніць усе выгоды бачання нацыянальнай гісторыі здалёк і зблізку.

Мікола Трускандыдат філалагічных навук

Крыніца: Літаратура і мастацтва