Айчынныя выдавецтвы рыхтуюць да XXX Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмаша альманах з творамі розных краін

22 сакавіка ў Мінску пачне сваю працу сусветна вядомае кніжнае свята — чарговая, XXX па ліку, Мінская міжнародная выстаўка-кірмаш. Мяркуецца, што Краінай — Ганаровым госцем будзе Расійская Федэрацыя. А краінай, якая выступіць Цэнтральным экспанентам, — Рэспубліка Узбекістан.  Айчынныя выдавецтвы рыхтуюць галоўныя — кніжныя — падарункі да чарговай выстаўкі. Сярод іх — і выпуск традыцыйнага альманаха «Созвучие». Выданне ажыццяўляецца пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Пад адной вокладкай будуць сабраны творы празаікаў, паэтаў, літаратуразнаўцаў, публіцыстаў Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Узбекістана, Мальты, іншых краін. Альманах выходзіць на рускай мове.  — На старонках літаратурна-мастацкага зборніка, — расказвае загадчык кніжнай групы Выдавецкага дома «Звязда» Наталля Шчарбакова, — вершы паэтаў Дагестана, Інгушэціі, Калмыкіі, Чувашыі, Якуціі, Марый Эл. Мы па традыцыі ўважлівыя да нацыянальных літаратур Расіі. Ужо не аднойчы друкавалі ў перакладах на рускую і беларускую мову на старонках і альманаха, і ў літаратурна-мастацкім перыядычным друку творы табасаранскай паэтэсы Сувайнат Кюрэбекавай, нагайца народнага паэта Дагестана Анварбека Култаева, марыйца Генадзя Ояра, чуваша Валеры Тургая... Пералік літаральна бясконцы!.. Зараз уключаем у «Созвучие» урыўкі з рамана старшыні Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалая Іванова, урыўкі з аповесці таленавітага ўзбекскага празаіка Рысалат Хайдаравай. Ці не ўпершыню друкуем апавяданні пісьменнікаў з Мальты. Невядомая для нас літаратура і мала вядомая ў Беларусі краіна. Мне здаецца, што публікацыя гэтай падборкі стане добрым мастком да грунтоўнага развіцця беларуска-мальційскіх літаратурных стасункаў. Іх дапамагае ўмацоўваць мальційская паэтэса і перакладчыца Яна Псайла. Яна ў сваёй краіне ўжо прадставіла чытачу вершы народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. 

У Беларусі ў свой час склалася цэлая лінейка альманахаў, якія прадстаўлялі літаратуры іншых народаў у перакладзе на беларускую мову: «Братэрства», «Далягляды», «Ветразь». На першую палову 1990-х гадоў прыходзяцца іх сустрэчы з чытачамі. У 2019 годзе быў узноўлены альманах «Далягляды». Пабачылі свет выпускі за 2019, 2020 і 2021 гады. Рыхтуецца альманах і на 2023 год. Такія выданні спрыяюць развіццю справы мастацкага перакладу, робяць рознабаковымі міжнародныя сувязі беларускай літаратуры. 

Источник: Министерство информации Республики Беларусь