Слово нас объединяет. Под таким девизом 4-5 сентября в Копыле пройдет XXVIII День белорусской письменности

Нягледзячы на тое што гэтаму святу ў календары адведзены толькі адзін дзень, яго «абрамляе» шмат значных мерапрыемстваў па-за рамкамі асноўнай праграмы. А яна традыцыйна вельмі разнастайная і насычаная, разлічаная на розны ўзрост і густ. Карацей кажучы, ніхто не засумуе.

«Дарога да святынь»

Ужо 1 верасня ў мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы распачнецца XXVIІІ Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святынь» з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга, якая праходзіць пры падтрымцы Беларускай праваслаўнай царквы. Атрымаўшы блаславенне, яе ўдзельнікі наведаюць Святое Поле ля вёскі Загор’е Сталавіцкага сельсавета Баранавіцкага раёна, Хатынічы Ганцавіцкага раёна, Лунін і Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна, Гоцк Салігорскага раёна, Грэск Слуцкага раёна, Хатляны Уздзенскага раёна, Цімкавічы Капыльскага раёна.

Завершыцца экспедыцыя 5 верасня ў Капылі. Раніцай у храме Ушэсця Гасподняга пройдуць святочная служба і запальванне Святога агню, перадача Жыватворнага агню ад Гроба Гасподняга на лампадкі і свечкі прыхаджан. Затым адбудуцца хрэсны ход удзельнікаў экспедыцыі і духоўна-асветніцкая сустрэча з жыхарамі горада.

Дзве сталіцы

Тым часам свой агеньчык ведаў запаляць і ў Мінску — 3 верасня ў Палацы Рэспублікі адбудзецца міжнародны круглы стол «Адзінства гуманітарнай прасторы», арганізаваны Міністэрствам інфармацыі і Саюзам пісьменнікаў Беларусі.
А ў самім Капылі — сталіцы ХХVIІІ Дня беларускага пісьменства — свята пачне набіраць абароты ў суботу, 4 верасня. На базе сярэдняй школы № 2 пройдзе навукова-практычная канферэнцыя «Капыльскія чытанні», арганізаваная Міністэрствам інфармацыі сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук. У 11:00 стартуе двухдзённы фестываль кнігі і прэсы. Тэматычныя экспазіцыі, прэзентацыі і інтэрактыўныя пляцоўкі будуць чакаць наведвальнікаў у шматлікіх павільёнах. У адным з іх — «Традыцыі і сучас­насць» — размесціцца выстава кніг пра традыцыі і звычаі Беларусі. У павільёне «Разам з кнігай мы расцём» — выстава літаратуры для дзяцей і падлеткаў, сустрэчы з аўтарамі, майстар-класы, віктарыны, гульні і многае іншае. Выстава-прэзентацыя выданняў членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтограф-сесіі, паэтычныя сустрэчы і прэзентацыі абласных аддзяленняў СПБ запланаваны ў павільёне «Слова пісьменніка».

Адзіным фронтам

У гэтым годзе прадугледжаны не толькі традыцыйныя мерапрыемствы, з’явяцца і новыя праекты, сугучныя са знакавымі для краіны падзеямі, падкрэсліў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны арганізуе тэматычную пляцоўку, прысвечаную 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. А асноўнай тэмай Дня беларускага пісьменства стане Год народнага адзінства. Дарэчы, на фестывалі кнігі і прэсы разгорнецца выстава «17 верасня — Дзень народнага адзінства».

— Гэту выставу мы рыхтуем сумесна з Міністэрствам інфармацыі і Нацыянальным гістарычным музеем. Планавалася адкрыць яе менавіта 17 верасня ў гістарычным музеі, аднак па прапанове Міністэрства інфармацыі ўсё ж такі вырашылі, што ў Капылі ў час свята зробім анонс гэтай вялікай выставы, — паведаміў гісторык, калекцыянер, лаўрэат прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адра­джэнне» Уладзімір Ліхадзедаў. — У Капылі будуць паказаны ўні­кальныя артэфакты таго часу, звязаныя з уз’яднаннем беларускага народа. Напрыклад, Нацыянальны гістарычны музей прадставіць плашч і кабуру Сяргея Прытыцкага, які падпісваў у Маскве дакументы па ўваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Будуць таксама паказаны ўнікальныя газеты, што выдаваліся з 1921 па 1939 год на тэрыторыі Заходняй Беларусі. І паверце, гэтых газет у нас у краіне практычна няма. Госці свята змогуць пачытаць, што ў тыя гады пісалі беларускія газеты і часопісы па тэме аб’яднання Заходняй Беларусі і БССР. Беларускія СМІ тады не былі кансалідаваны: адны падтрымлівалі тых, другія — тых. Але ў плане беларускага пытання ўсе яны былі адзіныя: Беларусь знаходзілася пад прыгнётам і павінна быць свабоднай.

Акрамя арыгінальных выданняў, арганізатары падрыхтуюць калажы з такімі публікацыямі, каб любы жадаючы мог узяць іх сабе на памяць.

Хто атрымае прэміі?

Сярод ключавых мерапрыемстваў свята — цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі (у гэтым годзе на яе было пададзена больш за 60 работ), адкрыццё помніка Цішку Гартнаму, цырымонія спецыяльнага гашэння памятнага канверта з арыгінальнай маркай, прысвечанай XXVІІІ Дню беларускага пісьменства, адкрыццё «Алеі пісьменнікаў» Капыльскага раёна з QR-кодамі, адсканіраваўшы якія можна будзе атрымаць доступ да біяграфіі аўтара і азнаёміцца з яго творамі.

Шэраг выстаў і прэзентацый рыхтуе Нацыянальная бібліятэка. Прадугледжана многа тэматычных пляцовак. Напрыклад, на «Літаратурным зэдліку» любы жадаючы зможа прачытаць верш ці ўрывак з прозы. Будуць працаваць дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі. У праграме таксама — паэтычна-музычная кампазіцыя «Беларусь, мы з табою — адзіны!», абласны фестываль гульні і гумару «Капыльскія пацехі» і шмат іншага, цікавага, пазнавальнага і захапляльнага. Далучайцеся, сябры!
Крыніца: «СБ. Беларусь сегодня».