Газета «Астравецкая праўда» адзначае сваё 80-годдзе

Газета Астравецкая праўдаМіністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў павіншаваў з 80-годдзем з дня выхаду першага нумара раённай грамадска-палітычнай газеты «Астравецкая праўда» калектыў рэдакцыі.

«Выданне мае багатую гісторыю і традыцыі, якія беражліва захоўваюцца, ушаноўваюцца і памнажаюцца калектывам рэдакцыі. За час існавання ў газеты з’явіліся адданыя чытачы, ёй давяраюць, чакаюць кожны нумар, бо шмат дзесяцігоддзяў яна заўсёды побач з жыхарамі Астравеччыны, праўдзіва расказвае пра іх жыццё і жыццё краіны», – гаворыцца ў віншаванні.

Выданне займае актыўную пазіцыю ў пытаннях асвятлення праблем грамадства, захоўваючы беражлівыя адносіны да слова, умее ў штодзённай інфармацыі разгледзець імклівы рух жыцця.

Уладзімір Пярцоў адзначыў, што калектыву ўласцівы адданасць справе, прынцыповасць, адказнасць. Дзякуючы зладжанай рабоце, глыбокаму разуменню праблем чытачы аператыўна атрымліваюць актуальную і аб’ектыўную інфармацыю аб падзеях у рэгіёне, зменах, што адбываюцца ў краіне.

Міністр упэўнены, што высокі прафесіяналізм, адказная грамадзянская пазіцыя будуць садзейнічаць дасягненню новых творчых вяршынь.

Уладзімір Пярцоў пажадаў усяму калектыву адзінства, плённай працы, добрага здароўя і дабрабыту, рэалізацыі цікавых творчых праектаў.

Крыніца: Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.