Каму не варта чытаць лiтаратурны часопiс?

Можна спрачацца, цi застануцца жыць папяровыя часопiсы... Але для маладога аўтара нiшто не заменiць такi вопыт: рукi сцiскаюць выданне з першай публiкацыяй, старонкi, на якiх надрукавана тваё iмя, пахнуць свежай друкарскай фарбай... I ты разумееш, што асобнiк гэтага часопiса будзе доўгiя гады захоўвацца ў чыёйсьцi кватэры, на палiцы бiблiятэкi... Хiба можна зусiм адмовiцца ад падобнага на карысць нематэрыяльнай «лiчбы»? Пра гэта i шмат што iншае «Звязда» пагутарыла з галоўным рэдактарам часопiса «Маладосць» Святланай Воцiнавай.

— Колькi разоў мы спрабавалi сфармуляваць, чаму трэба выпiсваць ваш часопiс i хто павiнен стаць ягоным прыхiльнiкам... А калi на гэты раз пайсцi ад адваротнага i падумаць, каму не варта быць вашым чытачом?

— Напэўна, чалавеку без пачуцця гумару. «Маладосць» — для iнтэлектуальнага чытача, а пачуццё гумару i iнтэлект узаемазвязаныя. Зрэшты, апошнiм часам мы назiраем усё большую iнтэлектуалiзацыю беларускага грамадства, таму людзей, якiм не варта адрасаваць часопiс «Маладосць», робiцца ўсё менш. Вядома, заўсёды будуць тыя, каго не кранае родная мова i не цiкавiць новая лiтаратура — i наш часопiс адпаведна. А з iншага боку, можа, калi такi чалавек пачне нас чытаць, у яго адбудзецца пералом свядомасцi — аказваецца, беларуская мова i лiтаратура — гэта крута! Аказваецца, яны ўпiсаны ў сусветную культуру нароўнi з усiмi iншымi! Вось, напрыклад, толькi што мы атрымалi артыкул Дзiрка Уфельмана, буйнога нямецкага славiста, — аналiз паэмы Адама Мiцкевiча «Конрад Валенрод» з пункту гледжання так званай посткаланiяльнай тэорыi. Артыкул пераклала на беларускую мову вядомы навуковец Жана Некрашэвiч-Кароткая, а спадар Дзiрк Уфельман разлiчвае на публiкацыю менавiта ў нашым часопiсе.

— Значыць, калi не хочаш развiтацца з перакананнем, што беларускамоўнае, ды яшчэ i лiтаратурнае выданне — толькi для вузкага «ўнутранага кола», не рабiся чытачом «Маладосцi»?

— Менавiта! Бо нас увогуле ўсё больш i больш чытаюць за мяжой, з’яўляецца ўсё больш сумесных праектаў. Згаданы артыкул пра паэму Адама Мiцкевiча ўжо анансавалi ў Германii, ды i ў Швецыi рэкламавалi наш часопiс, калi ў iм друкавалася старажытная паэма «Прароцтва вёльвы» ў перакладзе Яўгена Папакуля з Полацкага ўнiверсiтэта. I наша iспанская калумнiстка Анхела Эспiноса Руiс увесь час выступае за мяжой як эксперт па беларускай лiтаратуры, звяртаючы пры гэтым увагу на «Маладосць». Акрамя таго, мы атрымалi прапанову ад кампанii EBSCO Publishing, якая прадстаўляе найбуйнейшую ў свеце базу электронных сэрвiсаў, каб наш часопiс быў у ёй прадстаўлены, i чакаем юрыдычнага ўзгаднення пытання.

— Што дасць унясенне ў базу? Павялiчыцца наклад?

— Павялiчыцца цытуемасць, пазнавальнасць у свеце. Але трэба разводзiць паняццi «тыраж» i «вядомасць» выдання, са з’яўленнем iнтэрнэту яны перасталi быць цесна звязаныя. Лiчба тыражу папяровага выдання i колькасць наведванняў яго сайта, колькасць чытачоў той цi iншай публiкацыi могуць iстотна адрознiвацца — наведвальнiкаў i проста чытачоў можа быць куды болей, чым падпiсчыкаў.

— Якiя яшчэ «небяспечныя» матэрыялы друкуеце?

— Ну, калi хтосьцi не хоча развiтвацца з уяўленнем пра класiчную беларускую лiтаратуру як пра лiтаратуру «вясковую», «прымiтыўную», вядома, яму не варта чытаць наш кастрычнiцкi нумар. Бо ў iм мы друкуем матэрыялы пра польскага паэта Ежы Плесняровiча, якi перакладаў Максiма Танка. Сёлета яму спаўняецца сто гадоў. У наш часопiс звярнуўся польскi бок з просьбай знайсцi аўтара, якi б прааналiзаваў работу Плесняровiча з вершамi Танка. I мы знайшлi такога ў асобе паэта Сержа Мiнскевiча. Акрамя яго артыкула, мы змяшчаем падборку вершаў Плесняровiча i яго перапiску з Танкам. Хачу перасцерагчы i тых, хто баiцца вострай калумнiстыкi. Бо нашы калумнiсты — людзi смелыя i шчырыя. Калонкi «Рубiнавыя радкi», «Артэфакты памяцi», «Дробязi паўсядзённасцi», «Лакацыя рэха» для такiх пададуцца занадта нефармальнымi. Не варта чытаць «Маладосць» i таму, хто жадае захаваць меркаванне, што беларускi лiтаратурны часопiс — на маргiналiях сучасных тэхналогiй. З лета ў нас пачалася рубрыка «Е-закладкi», якую вядзе Змiцер Кузьменка. Ён кожны раз бярэ нейкi электронны рэсурс i распавядае пра рарытэт, якi на iм схаваны. Напрыклад, пра невядомы рукапiс Войнiча цi «сталiнскiя расстрэльныя спiсы». У лiстападаўскай «Маладосцi» ён раскажа пра Iагана Гутэнберга i ягоны канфлiкт з яшчэ адным выдаўцом, якi ледзь не прысвоiў славу вынаходнiка друкарскага станка. Дзякуючы QR-коду чытач можа зайсцi на рэсурс i пагартаць «Бiблiю» Гутэнберга, якой больш чым паўтысячы гадоў.

— Выходзiць, «Маладосць» — iнтэрактыўны часопiс?

— Так, i таму — пазбягайце яго тыя, хто хоча застацца ўбаку ад усiх прымет эпохi iнтэрнэту. На вокладцы кожнага нумара — значкi ўсiх нашых старонак у сацсетках, а таксама значок, якi сведчыць, што свежы нумар, ды i любы нумар за бягучы год, нават «рэтраспектыўна», можна спампаваць у PDF-фармаце. Праўда, не бясплатна. Хочаш выпiсаць наш часопiс — вось код, хочаш паглядзець папярэднiя нумары — сюды. Ёсць спасылкi на наш сайт, а таксама на «Маладосць-TV»: на кожны нумар цяпер ствараецца трэйлер, якi можна паглядзець у свабодным доступе. Папярэджваю i тых, хто не пераносiць нават прысутнасцi фэнтэзi: у нашым часопiсе ў кожным нумары яно ёсць! I, вядома, маладыя аўтары заўсёды ламаюць стэрэатыпы. У нас друкуецца шмат студэнтаў. Для № 11 старшакурснiк лiнгвiстычнага ўнiверсiтэта Аляксей Каралёў пераклаў апавяданнi Джэймса Джойса са зборнiка «Дублiнцы». У рубрыцы «Катэдра» друкуюцца творы студэнтаў кафедры лiтаратурна-мастацкай крытыкi журфака БДУ. Нядаўна, напрыклад, параўноўвалi пераклады кнiг пра Гары Потэра, зробленыя ў Расii, i пераклады на беларускую мову, якiя былi здзейснены апошнiм часам. Шмат новага вы даведаецеся пра Уладзiмiра Караткевiча: у № 11 да 90-годдзя класiка даём цiкавыя дакументы з архiва нашага часопiса. Гэта заява Караткевiча на камандзiроўку 1969 года, калi пiсьменнiк падарожнiчаў па Палессi на цеплаходзе «Маякоўскi», пасля чаго было напiсана эсэ «Званы ў прадоннях азёр», i загад на камандзiроўку 1984-га. Гэта апошняе падарожжа Уладзiмiра Сямёнавiча. А яшчэ мы зрабiлi апытанку: «Што б вы сказалi Караткевiчу, калi б раптам яго сустрэлi?»

— Ну i цi шмат людзей у вынiку захацелi б разам з iм выпiць? Бо старэйшае пакаленне дакладна пачало б з гэтага... Пасядзець з класiкам, а пасля сказаць — «Я пiў з Караткевiчам».

— Паэтка Маргарыта Латышкевiч п’е з iм гарбату з бергамотам, яшчэ адна наша аўтарка, Алiна Агрэнiч, — каву. Так што i сённяшнiя маладыя п’юць з Караткевiчам. Толькi — iншыя напоi. А яшчэ лiстападаўскi нумар будзе прысвечаны i беларускаму кiно. Надрукуем цiкавае iнтэрв’ю з рэжысёрам Вячаславам Нiкiфаравым. Ён сярод iншага расказвае пра свой сцэнарый фiльма «Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi». Яшчэ мы знайшлi акцёраў i кiнарэжысёраў, якiя пiшуць вершы i прозу, i друкуем яе ў асобным блоку. Працягваецца праект да 100-годдзя «Маладняка», у № 11 — аповед пра Яна Скрыгана. Яшчэ адзiн цiкавы матэрыял — ад лiтаратуразнаўцы Наталлi Бахановiч. Мы ўжо друкавалi яе аналiз вобраза француза ў шматмоўнай беларускай лiтаратуры ХIХ стагоддзя. А гэтым разам яна даслала артыкул пра эвалюцыю вобраза яўрэя ў лiтаратуры таго ж перыяду. Гэта вельмi моцнае iнтэлектуальнае чытво.

— А што наконт тых, хто лiчыць, што ў «Маладосцi» не хапае аўтараў, таму можна прапанаваць любы опус, i ён «пройдзе»?

— А вось для такiх наш часопiс таксама небяспечны. Бо сёння да нас асцерагаюцца iсцi аўтары з не вельмi высокiм мастацкiм узроўнем — з’явiлася высокая канкурэнцыя. I галоўнае, звярнiце ўвагу на той слоган, якi ўпрыгожвае вокладку кожнага нашага нумара: «Таму, хто думае». Дарэчы, пра «думанне», а дакладней, пра iнтуiцыю нашых рэдактараў: у жнiўнi мы друкуем вершы Луiзы Глюк, а праз паўтара месяца ёй прысуджаюць Нобелеўскую прэмiю. Вось што значыць у «Маладосцi» надрукавацца (смяецца).

Крыніца: газета «Звязда»