«Раёнка – энцыклапедыя мясцовага жыцця»

Інтэрв’ю з Дзмітрыем Яшчанкам, галоўным рэдактарам раённай газеты «Нясвіжскія навіны»

21.05.2020 2– Што для Вас газета, у якой Вы працуеце?

– Калі журналістыка – гэта акно, з дапамогай якога большасць сучас­ных людзей у свеце ўзаемадзейнічаюць, то газета «Нясвіжскія навіны» для мяне – гэта частка жыцця, без якой я ўжо сябе не ўяўляю. На пра­цу заўсёды іду з радасцю, з прадчуваннем адкрыцця чагосьці нова­га. Хлусіць не буду, у жыцці рэдакцыі, у журналісцкай працы столькі усялякіх варыяцый… Бывае, што за месяц толькі некалькі выхадных дзён выпадае. Ты ўвесь час нечым заняты, імчышся з пасяджэння рай­выканкама на чарговы фотарэпартаж. Затым адна сустрэча, другая, трэ­цяя. А замест абеду – дэдлайн. І тэлефон не змаўкае – звоніць, звоніць, увесь час ціўкае паведамленнямі, нават уначы. Затое і засумаваць про­ста нерэальна. Гэта можа не дакучаць, ператвараецца ў руціну. Толькі не для мяне. Мне ўсё гэта падабаецца. Кожны чарговы дзень ставіць свае задачы, пытанні, праблемы, акунае ў падзеі і сітуацыі, знаёміць з новымі людзьмі, бывае, што і не заўсёды прыемнымі. Часам гэта нагадвае нейкі дэтэктыў, у якім проста немагчыма не прыняць удзел. Гэта захапляе. Дарэчы, не толькі мяне, але і ўсіх нашых супрацоўнікаў. Разам мы – ка­манда, якую аб’ядноўвае любоў да сваёй справы.

Сёння наша раёнка – сапраўдная энцыклапедыя мясцовага жыцця. Тут кожная старонка нясе пэўную інфармацыю пра тое, што робіцца на Нясвіжчыне, а таксама ў вобласці і рэспубліцы, пра людзей, якія жывуць побач з намі, пра нашы дасягненні і праблемныя пытанні. У мінулым годзе газета адзначыла свой 80-гадовы юбілей. Пройдзены вялікі і ня­просты шлях. Але яшчэ многае наперадзе.

– Як мяняецца раённая (абласная) газета ў лічбавую эпоху?

– Што тычыцца вёрсткі, дызайну, тэматычнага напаўнення, тэхналогій працы пры падрыхтоўцы матэрыялаў, то «НН» – 2002 і «НН» – 2020 – гэта дзве вялікія розніцы. Не таму, што тыя нумары былі нейкімі сырымі і недапрацаванымі. Не ў гэтым справа. Мы і тады, і цяпер вельмі ад­казна і крытычна падыходзім да падрыхтоўкі кожнага выпуску. Проста час ідзе наперад і дыктуе свае ўмовы, а мы стараемся адпавядаць яго патрабаванням. Сёння, у адрозненне ад тых гадоў, даводзіцца працаваць у некалькіх кірунках. Змяніўся дызайн вёрсткі, апрацоўка фотаздымкаў, кожную пятніцу першая і апошняя старонкі газеты, а таксама цэнтраль­ны разварот выпускаюцца ў колеры. У лічбавую эпоху ў рэдакцыі ёсць усе сродкі для максімальна аператыўнай падачы інфармацыі ў друкава­най версіі. Так, раней трэба было чакаць, пакуль журналіст вернецца ў рэдакцыю з якога-небудзь рэпартажу і будзе пісаць «тэрмінова ў нумар». Зараз жа супрацоўнік рэдакцыi можа даслаць матэрыял і фотаздымкі па электроннай пошце. З 2010 года да класічнай папяровай версіі «НН» дадаўся сайт, актыўна прасоўваецца інфармацыйны кантэнт «НН» у са­цыяльных сетках. Усё гэта патрабуе шмат увагі і часу. Што ж тычыцца палітыкі рэдакцыі – прытрымлівання абраных прынцыпаў, адносін да справы, то тут – без перамен.

– Якія праблемы ёсць? Што Вы можаце вырашыць самі, а ў чым патрабуецца дапамога дзяржавы (дзяржаўных органаў)?

– На мой погляд, прафесія журналіста перажывае не самы лепшы час. Прафесійнаму журналісту мала добра пісаць, яму неабходна быць «універсальным» – валодаць многімі навыкамі: здымаць відэа, фота, апрацоўваць інфармацыю і многае іншае. Журналістыка – канкурэнтнае асяроддзе, дзе выжывае наймацнейшы. Але гэта якраз і становіцца адной з галоўных праблем у раённай рэдакцыі. Па-першае, такіх «універсалаў» тут вельмі мала. Па-другое, што сёння патрабуецца ад такога журналіста? Прыйшоўшы на мерапыемства, ён павінен узяць інтэрв’ю, зняць гэта на фотаапарат, на камеру, на тэлефон, па дарозе ў рэдакцыю выдаць інфармацыю ў «Інстаграм». Прыехаўшы на месца, ён піша артыкул. Прычым пажадана ў двух варыянтах – для газеты і для сайта. Затым яму трэба размясціць гэты кантэнт у сацыяльных сетках. Паралельна ён займаецца размяшчэннем на сайт і апрацоўкай матэрыялаў іншых журналістаў. Працаваць у такім рэжыме цяжка, хоць і магчыма. І справа не толькі ў гэтым. Такая «ўніверсальнасць» можа ўплываць на якасць працы. Вядома, ёсць моманты, калі хуткасць важнейшая за ўсё. Гэта можа тычыцца матэрыялаў пра шараговыя падзеі (рэпартаж са спартыўнага спаборніцтва, свята вёскі, дзіцячага ранішніка і г. д.), дзе не трэба ўнікаць у нейкую падаплёку і не патрэбныя спецыяльныя веды.

У гэтых умовах супрацоўнікі, на мой погляд, павінны аддаваць пе­равагу таму, што ў іх лепш атрымліваецца. Напрыклад, журналісту, які рэгулярна піша на тэмы маладзёжнай палітыкі, значна лягчэй адапта­ваць свае нататкі дадзенай тэматыкі для інтэрнэт-версіі або фармату са­цыяльных сетак, чым напісаць газетны матэрыял на аграрную тэматыку. Гэта значыць, што на фоне ўніверсалізацыі паралельна павінен узмац­няцца працэс спецыялізацыі. І гэта правільна. Таму што чым большая канкурэнцыя, тым больш растуць патрабаванні да якасці СМІ. А для стварэння высакаякаснай прадукцыі спецыялізацыя неабходная. У чым я бачу праблему? Адна з галоўных праблем – недастатковая адукацыя супрацоўнікаў. Для яе вырашэння я прапаную стварыць праграмму ан­лайн-навучання. Напрыклад, на базе факультэта журналістыкі БДУ. У гэтым выпадку спецыялісты раённых СМІ маглі б у спрыяльных для іх умовах атрымліваць неабходную ім інфармацыю, выконваць практыч­ныя заданні, задаваць пытанні. Такая форма навучання магла б стаць не толькі эфектыўнай, але і эканамічнай. Яна дае магчымасць атрымаць веды не аднаму спецыялісту, якога б рэдакцыя накіравала на навучанне (напрыклад, вэб-рэдактара), а ўсіх супрацоўнікаў, якім гэтыя веды не­абходныя ў іх працы. Адным з галоўных аспектаў такого навучання я б прапанаваў зрабіць менавіта практычныю частку – выкананне розных заданняў, тэстаў і г. д. Магчыма, нават з атэстацыяй.

Што датычыцца астатніх пытанняў, лічу, што рэдакцыя зможа іх вы­рашыць самастойна.

– Якім Вам уяўляецца будучае Вашай газеты?

– Будучыню газеты мы ў асноўным звязваем з інтэрнэт-рэсурсам выдання. У 2018 годзе рэдакцыя «Нясвіжскіх навін» правяла рэдызайн сайта. Дзякуючы змене дызайну мы атрымалі сучасны зручны інтэрфейс, павялічылі памер і якасць малюнкаў. З’явілася мабільная версія сайта. Яна адаптаваная для любых відаў гаджэтаў: смартфонаў, планшэтаў і функцыянальна не саступае поўнай версіі сайта. Таксама палепшылася структура падачы інфармацыі. Усе запісы падзелены на тэматычныя блокі, што палягчае пошук карыстальнікаў. Пасля рэдызайну сайта рэдакцыя атрымала станоўчыя водгукі. Змены паўплывалі і на наведвальнасць.

Сёння, па дадзеных «Яндэкс. Метрыкі», сайт мае за суткі да 1 500 наведванняў (два гады таму гэта лічба складала каля 150). Дадатковы кантэнт, які размяшчаецца на сайце, дае скокі наведвальнасці да 3 000 унікальных наведвальнікаў у суткі. Штодня доля новых наведвальнікаў сайта складае каля 50 %, што кажа пра тое, што сайт мае пастаянную аўдыторыю і прыцягвае цікавасць новых карыстальнікаў. Сайт nesvizh-news.by пастаянна абнаўляецца – кожны дзень публікуецца 7–13 матэрыялаў. Усе загалоўкі і тэксты навін адаптуюцца для сайта ў адпаведнасці са стандартамі інтэрнэт-журналістыкі.

Для распаўсюджвання карыстальнікамі кантэнту сайта на сваіх ста­ронках у сацыяльных сетках над кожнай запісам размешчаны спецыяль­ныя кнопкі «Падзяліцца». Працягваецца работа па прасоўванні брэнда «Нясвіжскія навіны» ў сацыяльных сетках. Павялічваецца цікавасць да інтэрнэт-рэсурсу газеты, расце колькасць падпісчыкаў.

Група «Нясвіжскія навіны» у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» ў сакавіку 2020 года налічвае больш за 2 600 удзельнікаў, у сацыяльнай сетцы «УКантакце» – больш за 1 200 чалавек. Размяшчэнне спасылак на артыкулы з сайта nesvizh-news.by ў сацсетках дае істотны прырост наведвальнасці. У жніўні 2019-га з’явіўся акаўнт на «Instagram», на сакавік 2020-га ён налічвае больш за 1 000 падпісчыкаў.

У рамках акаўнтаў запланаваны шэраг розных праектаў. У тым ліку праекты, цалкам разлічаныя на сацыяльна актыўных і маладых спажыўцоў. У інтэрнэт-прасторы колькасць такіх карыстальнікаў патэнцыйна вышэйшая, чым у традыцыйнай друкаванай газеты.

Супрацоўнікі рэдакцыі імкнуцца да павышэння свайго прафесійнага ўзроўню – па магчымасці наведваюць розныя праграмы і семінары, стараюцца ставіцца крытычна да сваіх тэкстаў, пераглядаюць свае падыходы да працы. Мы пачалі вывучаць сферу інтэрнэт-маркетынгу, сочым за тэндэнцыямі, тэхналогіямі.

Iнфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Рэгіянальныя СМI Рэспублікі Беларусь у лічбавую эпоху: ад лакальнай праблематыкі да інфармацыйнай бяспекі дзяржавы».