БЕЛАРУСКІ НАРЫС І ЯГО МЕСЦА Ў МАСТАЦКАЙ ПУБЛІЦЫСТЫЦЫ ХХІ СТАГОДДЗЯ

Нарыс – адзін з самых распаўсюджаных і цікавых жанраў, які існуе на памежжы журналістыкі і літаратуры і ў якім спалучаюцца логіка-рацыянальны і эмацыйна-вобразны спосабы адлюстравання рэчаіснасці. Паколькі нарыс знаходзіцца на мяжы паміж дакументам і абагульненай мастацкай выявай, ён утрымлівае вялізны мастацка-пазнавальны матэ­рыял, які адлюстроўвае гістарычны, ментальны кантэкст развіцця гра­мадскай супольнасці на працягу стагоддзяў. Развіццё жанру нарыса на Беларусі датуецца першай паловай ХІХ стагоддзя і звязана найперш з творчасцю У. Сыракомлі (Л. Кандратовіча), які напісаў цэлы цыкл гістарычна-краязнаўчых прац: «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Менск: беглы агляд сучаснага стану Менску» (1857), «Нёман ад вытокаў да вусьця» (1861) і інш. [гл. 1, с, 16–24]. Дзейнасць пісьменніка была звязана з тагачасным «Kurjerем Wileńskiм» (1841–1864), рэдак­тарам якога на пачатку быў выхаванец Віленскага ўніверсітэта і сябра Адама Міцкевіча паэт Антоні Адынец. Пасля яго – з 1 студзеня 1859 г. – выдаўцом і рэдактарам газеты стаў вядомы пісьменнік і археолаг Адам Ганоры Кіркор. Пры Адынцу і Кіркору з газетай супрацоўнічалі леп­шыя літаратары, навукоўцы і публіцысты літоўска-беларускіх губерняў Расійскай імперыі – Мікалай Маліноўскі, Тэадор Нарбут, Міхал Балінскі, браты Канстанцін і Яўстах Тышкевічы, Юзаф Крашэўскі, Вінцэнт Каратынскі, Арцём Вярыга-Дарэўскі, Аляксандр Ходзька, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і інш. У тыя часы ў газеце друкаваліся таксама артыкулы і нарысы рускіх і ўкраінскіх навукоўцаў, крытыкаў і літаратараў: У. І. Весялоўскага, М. І. Гусева, П. В. Кукальніка і інш. Цікавай нарысісткай канца ХІХ ст. была Э. Ажэшка. У свой час вялікую аўдыторыю меў яе славуты краязнаўчы нарыс «Людзі і кветкі з-над Нё­мана». На пачатку ХХ ст. да жанру падарожнага нарыса прычынілася Цётка (Алаіза Пашкевіч). Яе «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» – вы­датны ўзор падарожнага нарыса, які з цікавасцю чытаецца і сёння.

Нарыс ад пачатку свайго існавання адрозніваўся не толькі шырынёй ахопу падзей і тэматычнай шматстайнасцю, але і пастаноўкай хвалюю­чых, актуальных праблем сучаснасці. Таму пазнавальная каштоўнасць нарысавай літаратуры неаддзельная ад яе актыўнай ролі ў гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі... На працягу ўсёй сваёй гісторыі – ад з’яўлення да сучаснасці – нарыс імкнуўся знаёміць чытача з новымі формамі жыцця і яго паўсядзённым ходам, стараўся абуджаць грамадскую думку, вылучаць і адстойваць перадавыя погляды, спалу­чаючы аб’ектыўную ацэнку рэчаіснасці з суб’ектыўным аўтарскім мер­каваннем. Даследчыкамі вылучаецца каля 50 жанравых разнавіднасцяў нарыса. І паколькі нарыс амаль не абмяжоўвае фантазію аўтара, яго цікаўнасць да чалавека і жыцця ўвогуле, ён застаецца самым запатра­баваным жанрам нават у сённяшніх умовах. Апрача публікацый даку­ментальных, белетрыстычных, партрэтных, праблемных і падарож­ных нарысаў у друкаваных і электронных СМІ, своеасаблівай новай формай існавання падарожнага нарыса сталі занатоўкі знакамітых блогераў, пасты звычайных карыстальнікаў у сацыяльных сетках, дзе апавядаецца не толькі пра заморскія цуды, але і цікава, маляўніча, з выкарыстаннем мультымедыйных сродкаў расказваецца пра блізкае і роднае. Гэты факт сведчыць пра арганічную пераемнасць традыцый у беларускай журналістыцы, дзе якраз жанр нарыса аказаўся набольш запатрабаваным.

Адным з ранніх праблемных нарысаў у беларускай журналістыцы можна лічыць нарыс Янкі Лучыны (І. Неслухоўскага) (1851–1897) «З кры­вавых дзён» (1889), напісаны паводле ўспамінаў удзельніка паўстання 1863– 64 гг. і прысвечаны ўзнаўленню эпізодаў вызваленчай барацьбы на Міншчыне. Вялікі ўклад у распрацоўку праблемнага нарыса ў Савец­кай Беларусі зрабіла Вера Сямёнаўна Палтаран (1919–1989). Яе нарысы, надрукаваныя ў зборніках «Ключы ад Сезама» (1967), «Дзівасіл» (1974), сталі прыкметнай з’явай у тагачаснай мастацкай дакументалістыцы. Гісторыя развіцця праблемнага нарыса на Беларусі звязана з імёнамі такіх аўтараў, як А. Клышка, Б. Сачанка, Я. Будзінас, В. Якавенка, І. Дуброўскі, М. Вайцяшонак і інш. Выдатным майстрам партрэтнага нарыса быў Янка Брыль (1917–2006). Першую кнігу нарысаў «Вачы­ма друга» ён напісаў у 1956 г. Праз год у 1957 г. асобным выданнем выходзіць яго нарыс «Сэрца камуніста» – адзін з найлепшых твораў та­гачаснай беларускай публіцыстыкі. Аднак для нас найбольш цікавым уяўляецца партрэтны нарыс Я. Брыля «Наш Караткевіч», прысвечаны класіку беларускай літаратуры. Гэта-партрэт-успамін, дзе выдатна спа­лучана аўтабіяграфічнасць і пісьменніцкае майстэрства Я. Брыля. У выніку У. Караткевіч паўстае перад чытачом як індывідуальная асоба, зямны чалавек і адначасна нацыянальны класік.

На мяжы ХХ–ХХІ стагоддзяў і асабліва ў наш час нарыс набывае новыя формы, змяняючыся, як і ўся мастацкая публіцыстыка. Значны ўклад у развіццё і трансфармацыю мастацка-публіцыстычных жанраў унёс Анатоль Казловіч (1946–2011) і серыя яго кніг «Беларусы паміж небам і зямлёй», якія ён называў хронікамі. Выпускнік факультэта журналістыкі БДУ А. Казловіч загадваў аддзелам нарыса і публіцыстыкі часопіса «Нёман», амаль чвэрць стагоддзя быў уласным карэспандэнтам маскоўскай «Літаратурнай газеты» па Беларусі. У кнігах-хроніках «Бе­ларусы паміж небам і зямлёй» А. Казловіч сабраў і абагульніў велізарны фактычны матэрыял па найбольш складаным перыядзе жыцця Беларусі на мяжы ХХ–XXI стагоддзяў, які ўвасобіў у публіцыстычных матэрыя­лах розных жанраў: нарысах, артыкулах, эсэ, замалёўках. У сваёй кнізе «Восход и заход публициста» (2010) галоўнай праблемай беларускай публіцыстыкі ён бачыць апісальніцтва і штампы. А. Казловіч сцвяр­джае, што журналісцкая тэхналогія збору інфармацыі (жыццёвага ма­тэрыялу) ператвараецца ў нарысах некаторых публіцыстаў у самамэту. Тэхналогія вывучэння жыцця выдаецца за само жыццё. Мы назіраем толькі незавершаны працэс даследавання, які кінуты, не даведзены да канца. Гэта здараецца таму, што публіцыста вядуць не даследчыя ідэі, а тэхналагічныя клопаты, заключае ён. У якасці альтэрнатывы А. Казловіч прапануе сваё бачанне новай публіцыстыкі ХХІ стагоддзя, асаблівасці якой ён увасобіў ва ўласнай творчасці. Да такіх вызначальных характа­рыстык новай публіцыстыкі ён адносіць:

цыклічнасць матэрыялаў, у якіх праглядаецца развіццё агульнай тэмы, публіцыстычны сюжэт;

спалучэнне аўтабіяграфізму і нацыянальнай ментальнасці з заглы­бленнем у гістарычны і прыродны кантэкст;

лаканічнасць сістэмы доказаў аўтарскай думкі (ідэі) – ключавыя знакі тэмы;

афарыстычнасць стылю, іронія, сарказм, шчырасць як спосабы захапіць чытача;

невялікія памеры матэрыялаў (нарыс, артыкул, эсэ) павінны займаць адну-паўтары паласы фармату А3;

абмежаваная колькасць дыялогаў, апісанняў, лірычных адступ-ленняў;

публіцыстыка XXI стагоддзя павінна несці ў сабе празрыстыя асветніцкія задачы;

пазіцыя (ацэнка) аўтара павінна быць недвухсэнсоўнай, выразнай, нават жорсткай. Публіцыст – гэта максімаліст. Максімалізм – гэта мастацкі прыём. У любой складанай, неадназначнай з’яве ёсць нешта асноватворнае, сутнаснае, якое публіцыст закліканы беспамылкова вызначыць, паказаць, растлумачыць, асудзіць альбо палка падтрымаць.

Магчыма, не ўсе пагодзяцца з некаторымі з гэтых высноў публіцыста, але факт застаецца фактам: сучасная беларуская публіцыстыка патрабуе якасных змен: лаканізм, афарыстычнасць, ясная аўтарская пазіцыя, за­глыбленасць у гістарычны і нацыянальны кантэкст – прынясуць толькі карысць журналісцкім і пісьменніцкім матэрыялам. Дарэчы, пра гэта сведчыць і публіцыстыка самога А. Казловіча – адной з найбольш яркіх фігур сучаснай нацыянальнай журналістыкі.

Г. К. Тычко

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт