Навошта ў беспячорнай Беларусі спелеолагі?


Менавіта так адказаў партыйны савецкі дзеяч на просьбу некалькіх ініцыятыўных людзей, якія гарэлі жаданнем заснаваць першы ў БССР спелеаклуб. Але насуперак усяму вось ужо 55 гадоў беларусы даследуюць апошнія падземныя
«белыя плямы», што засталіся на Зямлі. І сёння я сам паспрабую адказаць на пытанне, якое так не давала спакою бюракрату мінулага стагоддзя.

Што чакае пачаткоўца?

Некалькі разоў на год клуб «Геліктыт-ТМ» выязджае ў пячорныя экспедыцыі, падчас якіх людзі па 2–3 тыдні працуюць на глыбіні да некалькіх кіламетраў. Але, калі ты толькі прыйшоў, то павінен будзеш асвоіць праграму першаснага гадавога навучання.

Трэніроўкі праходзяць на дрэвах і старой вышцы сотавай сувязі. Калі вы бачылі ў лесе людзей, якія з сур’ёзнымі тварамі караскаюцца па дубах на вяроўках, — хутчэй за ўсё, гэта «геліктытаўцы», што вучаць «матчастку». Напачатку навучальнага года я сам далучыўся да іх, і мне давялося асвоіць шмат новых навыкаў. Умець завязаць 23 вузлы за 12 хвілін, усляпую поўзаць уверх-уніз па вяроўцы, пераадольваць вузкасці, слухаць бясконцыя лекцыі па ліхтарах, тэхніцы бяспекі, тапаздымцы, арыентаванні, рыштунку і г.д. Памылка пад зямлёй каштуе занадта дорага, таму навучанне і трэніроўкі тут — святое.

Першы «палёт»

Сапраўднае жыццё клуба пачынаецца на выездах. Часцей за ўсё гэта плато Арабіка ў Абхазіі — «Мекка» сусветнай спелеалогіі. Менавіта там знаходзіцца найглыбейшая пячора свету (пячора Вяроўкіна, больш за 2 км уніз). Але ў беларусаў ёсць свая «любоў» — пячора ТМ-101 (яна ж Пажарная).

Слова «экспедыцыя» гучыць горда, але насамрэч яно мае на ўвазе тыдні «жорсткага экшэну». Спачатку ты тыдзень едзеш да гор, потым 6 гадзін трасешся ў кузаве «шышыгі» (ГАЗ-66), ухіляючыся ад галін. А потым пачынаецца «спецыфічная зáбаўка» — закідка. Гэта калі ты 3–4 дні цягаеш на гарбе «трансы» (спецыяльныя баулы) па 30–40 кг уверх па горных сцежках. Калені робяць «хрусь», лёгкія просяцца вонкі, але гэта толькі ўваходны квіток у іншы свет.

Калі закідка скончана, спелеолагі ператвараюцца ў будаўнікоў. Сярод голых камянёў з нічога вырастае лагер з душам, кухняй, зараднымі станцыямі і іншымі дробязямі гарадскога жыцця. Камфорт яны цэняць вышэй за ўсё.

Але самае цікавае адбываецца на глыбіні. На адзнацы ў некалькі сотняў метраў уладкоўваецца ПБЛ (падземны базавы лагер). Уявіце: вы вісіцé на тонкай вяроўцы ў 50-метровым калодзежы, а ўнізе, у суцэльнай цемры, утульна вурчыць генератар і гарыць цёплае святло палаткі. Там цябе высушаць, накормяць і ўкладуць спаць «салдацікам». Гэта чысты кайф, які немагчыма растлумачыць таму, хто не бачыў, як гірлянда адлюстроўваецца ў крышталёва чыстым падземным возеры.

Навошта яны туды лезуць?

  1. Даследаванні: Беларусы зараз ладзяць даследаванні на глыбіні каля 800 метраў. Паводле прагнозаў, дно пячоры ТМ-101 можа знаходзіцца на глыбіні 2000 метраў. Ёсць шанец, што менавіта наш клуб у выніку знойдзе найглыбейшую кропку планеты.
  2. Навука: Экспедыцыі — гэта рай для «жуказнаўцаў» (энтамолагаў). Спелеолагі дастаюць з-пад зямлі найрадзейшых насякомых, якіх няма на паверхні. Напрыклад, аднойчы яны выцягнулі на свет унікальнага ілжэскарпіёна.
  3. Міні-Бэтмэны: Пад зямлёй жывуць кажаны́ з кранальнымі парасячымі лычáмі і малочнымі ікламі. Бачыць іх у натуральным асяроддзі — гэта зусім не тое ж самае, што ў заапарку. Але пры гэтым трэба захоўваць максімальную асцярожнасць, бо гэтыя мілыя стварэнні нярэдка хварэюць на шаленства.

Спелеа — гэта пра людзей

У спелеалогіі ты давяраеш сваё жыццё не толькі рыштунку, але і...

Працяг чытайце ў часопісе «Бярозка» №5…

Міхась Мурза

Набыць электронны часопіс

Стань чытачом або аўтарам часопіса!

Падпісныя індэксы «Бярозкі»

74822 — індывідуальны

74888 — індывідуальны льготны для членаў БРПА