Кніжныя развалы. Крыніца разам з птушкамі шчабеча...

У 1965 годзе мінскае выдавецтва «Беларусь» выдала сціплую паэтычную кніжку «Узлёт». Алег Лойка, пазначаны як складальнік, сабраў разам вершы студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – удзельнікаў літаратурнага аб’яднання пры газеце «Беларускі ўніверсітэт».

Вось што гаворыцца ў кароткай прадмоўцы-анатацыі: «Узлёт» – кніжка студэнтаў – удзельнікаў літаб’яднання пры газеце «Беларускі ўніверсітэт». Той, хто чытаў выдадзены ўніверсітэцкімі паэтамі зборнік вершаў «Падарунак» (1958), хто знаёмы з іх альманахам «Вясновая рунь» (1961), напэўна зацікавіцца і гэтай кніжкай, якую ўзлётаўцы прысвячаюць дваццацігоддзю вялікай перамогі савецкага народа над фашызмам».

Зусім сціплая, як па сённяшнім часе, кніжачка. Фармат – 84х108 1/64. 2-8 умоўных друкаваных аркушы. Тыраж – 2000 экзэмпляраў. Рэдактар кнігі – Сцяпан Гаўрусёў. Ужо вядомы на той час паэт. Аўтар некалькіх вершаваных зборнікаў. Мастак – В. Дазорац. Разам сабраны вершы Рыгора Семашкевіча, Міколы Маляўкі, Уладзіміра Дзюбы, Галіны Панько, Хведара Чэрні, Казіміра Камейшы, Генадзя Дзмітрыева, Марыі Шаўчонак, Мар’яна Дуксы, Эдуарда Зубрыцкага, Міколы Міцкевіча, Аляксандра Нікалайчанкі, Уладзіміра Бабраўнічага, Міколы Лісоўскага, Міхася Губернатарава, Пятра Сушко, Міколы Вяршыніна.

Спакойныя, магутныя дубы,

Крыніца разам з птушкамі шчабеча,

Прызыўны кліч ласінае трубы

Заве углыб на баравое веча.

У светлы гай, дзе бог адзін – ляснік,

Ўцякаю я, нібы у партызаны.

О, будзе раніца! І першы крык,

                                                                                   І росныя сцюдзёныя паляны.

(Рыгор Семашкевіч. Спакойныя, магутныя дубы...»).

Хтосьці з аўтараў, з тых 17 хлопцаў і дзяўчат, стаў вядомым паэтам. Яркай зоркай застаўся на літаратурным небасхіле Рыгор Семашкевіч, які здзейсніўся і ў паэзіі, і ў прозе, і ў літаратуразнаўстве. Надзвычай руплівы плён у галіне дзіцячай літаратуры ў Міколы Маляўкі. Не так даўно пайшлі з жыцця, пакінуўшы за сабою высокія творчыя здабыткі, Мар’ян Дукса, Пятро Сушко, Уладзімір Дзюба... А першы іх кніжны след – у зборніку «Узлёт». Дарэчы, некаторы час так і літаб’яднанне, працаай якога многія гады кіраваў Алег Лойка, так і называлася – «Узлёт»...

Будуць ва «узлётаўцаў» яшчэ і новыя кнігі – калектыўныя зборнікі «Вёсны», «Вусны»... Творы «ўзлётаўцаў» увойдуць і ў своеасаблівую паэтычную анталогію, складзеную з вершаў студэнтаў БДУ розных пакаленняў, – «Універсітэт паэтычны». З іншых паэтаў, якія прайшлі школу паэзіі пад кіраўніцтвам любімага настаўніка Алега Лойкі, трывала ў літаратуру, беларускае літаратуразнаўства ўвойдуць, ды і проста ў жыццё многія яркія асобы – Алесь Бадак, Алесь Усеня, Вольга Савасцюк, Сяргей Чыгрын, Алесь Пісарык, Алесь Цвях... Дарэчы, шмат хто з паэтаў вучыўся на філалагічным факультэце (а менавіта гэты факультэт быў і застаецца асноўнай літаратурнай кузняй) БДУ.

...Кнігу вершаў «Узлёт» я набыў у кнігарні «Веды» ААТ «Белкніга» па вуліцы Карла Маркса, каля станцыі метро «Купалаўская». Ранейшая назва кнігарні – Дом палітычнай кнігі ці проста «Паліткніга». Набыў, зразумела, у букіністычным раздзеле. Сярод стоса кніг, якія, відавочна, належалі аднаму і таму ж гаспадару. Бо аднолькавым почыркам у розных выданнях зроблены пазнакі, выпісаны заўвагі.

Шкада, што няма падобных зборнікаў зараз. Мо стогадовы юбілей Белдзяржуніверсітэта справакуе філфакаўцаў (усё ж паэты вучацца менавіта там!) на ўзнаўленне традыцыі... Мо так і здарыцца?!. Будзем спадзявацца!..

Материал подготовлен по информации сайта "Созвучие"