«Магія слова»

9ded5607f261a676e1a53296d9bfca29 XL

Сёлета кніга «Магія слова. Беларускія пісьменнікі XIIXVII стагоддзяў: эсэ» дырэктара Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі, доктара філалагічных навук Івана Саверчанкі ўганаравана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй у намінацыі «Лепшы твор крытыкі і літаратуразнаўства». 6 верасня падчас Дня беларускага пісьменства лаурэат атрымаў узнагароду з рук міністра інфармацыі Ігара Луцкага.

«Асоба пісьменніка – галоўны рухавік літаратурнага працэсу» – сцісла і грунтоўна гучыць першы сказ прадмовы да кнігі. У выданне ўвайшло 30 гісторыка-літаратурных эсэ, прысвечаных асобам аўтараў ХІІ – ХVII стагоддзяў, іх лёсам, паэтыцы творчасці – увогуле, ўнёску ў фарміраванне і развіццё беларускага пісьменства такіх мастацкіх эпох і плыняў як Готыка, Рэнесанс і Барока, а разам з тым, мовы і культуры.

У выданні прадстаўлены партрэты знакавых майстроў слова ў зрэзе гісторыі беларускай літаратуры: рэлігійных і грамадскіх дзеячаў, асветнікаў – усіх, хто спрычыніўся да прыгожага пісьменства ва ўсёй жанравай разнастайнасці твораў адзначанага перыяду. Іван Саверчанка пашырае ўяўленне аб хрэстаматыйных постацях, такіх як Кірыла Тураўскі, Мікола Гусоўскі, Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Сімяон Полацкі, Афанасій Філіповіч. Большасць каштоўных матэрыялаў кнігі прысвечана інтэлектуалам, пра якіх значна менш сістэматызаванай інфармацыі ў адкрытых крыніцах: напрыклад, мысляру ХІІ стагоддзя, мітрапаліту Кіеўскаму Кліму Смаляцічу; троцкаму і віцебскаму ваяводу Стафану Збаражскаму; князю і мецэнату Мікалаю Радзівілу Чорнаму; юрысту, гісторыку, публіцысту Аўгусціну Ратундусу, філосафу і багаслову Кірылу Транквіліён-Стаўравецкаму, педагогам Сільвестру Косаву і Фаме Іяўлевічу, вайсковаму дзеячу Рэчы Паспалітай, мазыскаму харунжаму Іосіфу Будзілу і іншым.

І. Саверчанка распавядае пра першых майстроў слова на нашай зямлі, гістарычных акалічнасцях іх працы, зазначае, што, на вялікі жаль, шматлікія выдатныя старажытныя тэксты дагэтуль не атрыбутаваны, падкрэслівае вартасць унікальных ананімных твораў, такіх як «Аповесць жыцця і смерці Ефрасінні Полацкай», летапісная «Пахвала Вітаўту», «Баркулабаўская хроніка», гумарыстычная «Прамова Мялешкі», сатырычны «Ліст да Абуховіча» і іншых. Аўтар звяртае ўвагу на выбар мовы твора старажытнай літаратуры, падкрэслівае залежнасць творчай асобы ад грамадска-палітычнай сітуацыі і веравызнання. Асаблівая ўвага надаецца раскрыццю мастацкага метаду і паэтыцы твораў кожнай з прадстаўленых асоб – тое, што робіць іх яскравымі прадстаўнакамі свайго часу.

У кожным з трыццаці прыведзеных артыкулаў-эсэ (менавіта так намагаемся назваць раздзелы кнігі – напісаныя па-навуковаму дакладна, і адначасова займальна) чытач знойдзе біяграфію пісьменніка, асноўныя вядомыя тэксты і іх характарыстыку з пазіцый жанрава-тэматычнай разнастайнасці і ідэйна-мастацкага зместу. Варта падкрэсліць тое, што І. Саверчанка прапануе прыклады з тэкстаў – на мове арыгіналу або ў перакладзе ў якасці ілюстрацыі.

«Магія слова» арыентавана на шырокае чытацкае кола – спатрэбцца настаўнікам, выкладчыкам, вучням, студэнтам і усім, хто не абыякавы да беларускага слова і культуры.

Варта ўзгадаць, што ў 2019-м годзе Нацыянальную літаратурную прэмію ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства атрымала прадстаўніца Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі кандыдат філалагічных навук, дацэнт Святлана Калядка.

Крыніца: sozvuchie.by