Кнігу "Святыня над возерам" выдаў гісторык і краязнаўца з Міёр Вітольд Ермалёнак

«Святыня над возерам». Пад такой назвай у мінскім выдавецтве «Капитал Принт» выйшла новая кніга вядомага ў Міёрах гісторыка Вітольда ЕРМАЛЁНКА. У ёй усё ад старажытнасці да сучаснасці пра міёрскі касцёл імя Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і біскупа Язафата Кунцэвіча. Шлях ад драўлянай святыні да мураванай, біяграфіі святароў, што тут працавалі і зрабілі значны ўнёсак і шмат іншага.

26.07.2020 5

Даследчык прысвячае працу святарам і вернікам міёрскай парафіі, дзякуючы якім жыў і жыве касцёл. А яшчэ – памяці маці Барбары Адамаўны Ермалёнак, якой не стала ў мінулым годзе, – шчырай верніцы слабодскай і міёрскай парафій. Як адзначыў аўтар, нарэшце рэалізавалася задумка больш як дзесяці гадоў.

Кніга зацікавіць не толькі вернікаў, але і ўсіх, хто шануе і дбае пра захаванне сваёй гісторыі, хоча даведацца больш пра гістарычнае жыццё важнага помніка нашага горада. Для лёгкасці чытання падзелена на раздзелы і мае шмат ілюстрацый: фота святароў, інтэр’ера, важных дакументаў, царкоўных рэчаў, якімі карысталіся для правядзення святой Імшы і шмат іншага.

Без складаных форм і даступнай мовай аўтар даводзіць да чытача каштоўнасць захавання Божага храма ў мясцовасці. Тут жылі і працавалі людзі сапраўднай веры – шчырай, ад сэрца. Аўтар шукаў інфармацыю ў архівах Вільнюса, Мінска, Пецярбурга. Вялікую значнасць мелі і тры кнігі мемуараў на польскай мове будаўніка мураванай святыні Юзафа Бародзіча. Выкарыстаны матэрыялы архіўных дадзеных, летапісу касцёла, які вядзе Жанна Закрэўская, артыкулы Вольгі Вішнеўскай, што друкаваліся ў раёнцы, здымкі аўтара, з архіваў, фотакарэспандэнта «Міёрскіх навін» Казіміра Блажэвіча.

26.07.2020 6Узнікненне святыні датуецца XVI стагоддзем, ранейшае малаверагодна, бо само паселішча Мёры згадана ў дакументах толькі ў 1514-ым годзе. Напачатку гэта была драўляная капліца і фундавалася тагачаснымі ўладальнікамі Міёр Пуцятамі, пазней перайшло роду Мірскіх. Пра гэта ўсё падрабязна расказваецца ў першым раздзеле кнігі. У другім даведваемся пра існаванне ў мястэчку ў XVII стагоддзі кляштара, пра тое, манахі якіх ордэнаў тут жылі, маліліся і працавалі.

Асобны раздзел прысвечаны ўзвядзенню мураванай святыні. Займаўся гэтым ксёндз Юзаф Бародзіч. Пра складаныя часы і жорсткі ціск уладамі католікаў у краі апавядае яго кніга «Пад возам і на возе». Спрыяў жа палёгцы і пачатку ўзвядзення мураванага касцёла Маніфест рускага цара Мікалая ІІ Сенату «Аб умацаванні пачаткаў верацярпімасці» ад 17 красавіка 1905 года.

Для пошукаў сродкаў на будаўніцтва той прыгажосці, якой сёння любавацца можна здалёк, было арганізавана шмат людзей. Друкаваліся і прадаваліся паштоўкі за мяжой. Змешчаны ў кнізе фота паштовак і абразкоў, што былі выдадзены для рэалізацыі на збор грошай на будаўніцтва касцёла. У кнізе ёсць здымак паштоўкі «Першая святая імша ў новазбудаванай святыні». Аказваецца, было «выраблена і абпалена каля 150 тысяч цаглін» для ўзвядзення храма.

Даведваемся з кнігі гісторыю парафіі ў 1910 – 1939 гадах, пра нялёгкае ва ўмовах ваяўнічага атэізму існаванне вернікаў у 1939 – 1985 гг., пра ажыўленне рэлігійнага жыцця ў 1985 – 1999-ым, і росквіт у 2000-ых. Сучаснасці прысвечана некалькі раздзелаў. Апавядаецца пра насычанае духоўнае развіццё розных пакаленняў, ад малога да людзей сталага ўзросту. Нельга не прыгадаць прыгожае аздабленне як духоўнага, так і знешняга стану парафіі і святыні: правядзенне фестывалю «Зорка Бэтлеему», афармленне вітражоў з біблійнымі сюжэтамі на вокнах касцёла, казачна прыгожы садова-паркавы дызайн на цвінтары і шмат іншага.

Асаблівую ўвагу аўтар надае нястомным святарам, што служылі ў Міёрах. Пра вехі жыццядзейнасці Рамуальда Свіркоўскага, Францішка Куксевіча, Яна Грабоўскага, Андрэя Федуковіча, Ільдэфонса Бобіча, Яна Жука, Юзэфа Марціноўскага, Пятра Януковіча, Ляона Пуцяты, Уладаса Пятрайціса, Крыштафа Міянкіны і некаторых іншых даведваемся з асобных раздзелаў.

26.07.2020 7Званы штодня клічуць вернікаў на малітву. Іх пералівы чуваць за некалькі кіламетраў. Звесткі пра іх, пра арган і газету «Голас Душы», помнікі і мемарыяльныя дошкі – усё гэта знойдзеце ў новай кнізе. Асобна можна прачытаць пра сучасны стан касцёла, пра яго велічнасць і сакральнасць. Фестываль «Зорка Бэтлеему», парафіяльны хор і яго дзейнасць – неад’емныя складнікі гісторыі.

Для больш дэталёвага вывучэння і знаёмства з дакументамі ў кнізе прадстаўлены спіс выкарыстаных крыніц і літаратуры, архіўных дадзеных. Для тых, хто мала знаёмы з касцёльнай тэрміналогіяй, змешчаны невялікі слоўнічак.

Крыніца: mijory.by