Творца павінен шукаць веру

Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» выпусціла ў свет кнігу Уладзіміра Ліпскага «Памілуй і ўзвысь: Малітвы».

22.05.2020 3Разам сабраны 33 творы-малітвы вядомага беларускага мастака слова – галоўнага рэдактара часопіса «Вясёлка», лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Сцяпанавіча Ліпскага. У выдавецкай анатацыі мы чытаем: «Гэта не проста зварот чалавека да Бога, гэта глыбокі роздум чалавека творчага над жыццём штодзённым і духоўным».

Кожнаму з твораў папярэднічае цытата з святых кніг. Як, напрыклад, у выпадку з тэкстам, што адкрывае зборнік: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою Вас» (Святое Евангелле паводле Мацвея, 11:8). Пісьменнік далей вядзе свой рэй, выкладае ўласны светапогляд: «Святы Божа, моцны і несмяротны!/З гадамі ўсё выразней чую/ Твой поклічны голас,/ усё даверлівей раблю крок/ да спазнання вечнасці./ І пачынаю адчуваць малітву./ Яна – мой голас любові./ Яна абнаўляе маё сэрца,/ скарачае шлях / паміж зямлёй і небам…»

Выданне ўтрымлівае кантэнт дапоўненай рэальнасці. Творы гучаць у выкананні аўтара, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Ліпскага, а таксама ў выкананні заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі і Валерыя Анісенкі і заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Леаніда Улашчанкі.

Наклад зборніка «Памілуй і ўзвысь: Малітвы» – 1000 асобнікаў. Мастак кнігі – Лізавета Субач.

Крыніца: sozvuchie.by