Правобразамі настаўнікаў былі старэйшыны. Яны рыхтавалі падрастаючае пакаленне да пераходу ў дарослае жыццё.
Час ішоў, у Старажытнай Русі з'явіліся майстры граматы, да іх працы ставіліся з павагай. «Шануй настаўніка, як бацькоў», – гаворыць руская прыказка.
Пад час Вялікай Айчыннай вайны настаўнікі больш не выкладалі навукі, яны вучылі зброі і жыццю ў акупацыі, захоўвалі нацыянальную памяць пра мінулае і надзею на будучыню.
У наш час настаўнік — гэта не толькі той, хто валодае ведамі па сваім прадмеце і можа перадаць іх вучням, але хто тады? Калі я пачала запытвацца ў сваіх настаўнікаў, яны назвалі шмат крытэрыяў, але я вызначыла самыя галоўныя.
Я лічу, што, перш за ўсё, настаўнік павінен быць прафесіяналам. Ён павінен не проста добра ведаць свой прадмет, а ўмець выкладаць яго так, каб вучань захацеў “жыць” ім. Ён павінен умець ацэньваць веды вучняў не толькі па выніках тэстаў і кантрольных работ, але і па зацікаўленасці вучня, яго гатоўнасці ўкладваць усе сілы ў навучанне.
Па-другое, настаўнік — гэта асоба. Ён павінен быць узорам для сваіх вучняў, чалавекам, якім яны б маглі ганарыцца і з якога бралі б прыклад. Таксама павінен быць справядлівым, уважлівым да вучняў, умець слухаць і разумець іх. Ён павінен паважаць асобу кожнага вучня, бачыць у ім індывідуальнасць і дапамагаць развіваць яго таленты. Настаўнік павінен быць чалавекам, які верыць у сваіх вучняў і дае ім магчымасць верыць у сябе.
І нарэшце, як казала мая настаўніца, якую я лічу мудрэйшай за ўсіх, сучасны настаўнік павінен быць бесстароннім. Ён не можа паддавацца эмоцыям, не можа выказваць асабістыя адносіны да вучня, у яго не павінна быць жалю. Каб добра ацаніць веды, настаўнік павінен нейтральна адносіцца да сваіх падапечных. Таму, як урачам нельга рабіць аперацыі сваім родным, так і настаўнікам нельга навучаць тых, каго лічаць блізкімі. Гэта патрэбна для таго, каб настаўнік заўсёды змог абгрунтаваць адзнаку, якой ацаніў вучня.
У выніку можна сказаць, што сучасны настаўнік – гэта шматгранны вобраз, які аб’ядноўвае ў сабе прафесіяналізм, высокія маральныя і асабістыя якасці. Гэта чалавек, які не проста перадае веды, а фарміруе асобу, рыхтуе маладое пакаленне да жыцця ў сучасным свеце. І ад таго, якім будзе вобраз настаўніка, залежыць будучыня нашай краіны.
Маргарыта Харлап
вучаніца 11 “А” класа
г. Мінск школа №84.



