Дакументальная стужка Белтэлерадыёкампаніі ўзнагароджана дыпломам кінафорума ў Севастопалі

image08.06.2021Дакументальная стужка «Санеты памяці. Кінааператар Таццяна Логінава» ад рэжысёра і прадзюсара нашага тэлеканала Сяргея Кацьера ўзнагароджана спецыяльным дыпломам журы XXX Міжнароднага кінафоруму «Залаты Віцязь» у Севастопалі.

Фільм «Санеты памяці» выйшаў на нашым тэлеканале ў снежні мінулага года і быў прымеркаваны да Дня беларускага кіно. Сваю новую дакументальна-біяграфічную работу Сяргей Кацьер прысвяціў Таццяне Логінавай – адной з самых знакамітых жанчын-кінааператараў ігравога кіно на постсавецкай прасторы, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР. Яе рукою створаныя адметныя ваенныя, гістарычныя і меладраматычныя стужкі, у тым ліку экранізацыі класікаў айчыннай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава і Івана Шамякіна.

У маі стужка «Санеты памяці» была прадстаўлена на конкурсе дакументальных паўнаметражных фільмаў міжнароднага кінафоруму «Залаты Віцязь». Гэта найбуйнейшы і найстарэйшы расійскі фестываль духоўна-асветніцкага кіно, які праходзіць у Севастопалі. Фільм прэзентавалі яго аўтар і рэжысёр Сяргей Кацьер, які, дарэчы, ўваходзіў у склад журы фестывалю ў секцыі кароткага дакументальнага метра, і аператар Дзяніс Бутылін. Карціну «Санеты памяці» ўдастоілі спецыяльнага дыплома «За нетрывіяльнае рэжысёрскае рашэнне ў жанры творчага партрэта».

Адзначым, што па выніках трыццатага «Залатога Віцязя» мы рыхтуем некалькі тэматычных выпускаў нашых праектаў. Так, у найбліжэйшы час вас чакаюць новыя «Камертоны» з удзелам рэжысёраў Мікалая Бурляева, Сяргея Зайцава, Валерыя Цімошчанкі і Горана Паскалевіча. Таксама запланаваныя спецыяльныя выпускі праграмы «Культурны рэпартаж», прысвечаныя юбілею кінафоруму і знакамітым айчынным майстрам кіно, анімацыі і музыкі, якія не раз станавіліся яго лаўрэатамі, ганаровымі гасцямі і сябрамі.

Крыніца: сайт Белтэлерадыёкампаніі.