Уладзімір Ліхадзедаў: Перададзена Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі...

Серыя кніг «У пошуках страчанага», якая ўзнікла дзякуючы калекцыянеру, лаўрэату прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміру ЛІХАДЗЕДАВУ, набывае новы фармат. У ёй выдадзены каталог выстаўкі «Вайна і мір. Вяртанне» ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

9 15 kopiya 5

Невялікі наклад у 200 экзэмпляраў гэтага сапраўды ўнікальнага выдання абавязвае болей падрабязна распавесці пра названы кніжны праект. Раней у серыі выдаваліся філакартычныя альбомы. Але тое, што здзяйснялася ў межах праекта «У пошуках страчанага», было звязана і з шырокай выставачнай дзейнасцю. Выстаўка «Вайна і мір. Вяртанне» — адна з адметных прэзентацый артэфактаў рознага характару, а не толькі старых паштовак са збораў Уладзіміра Ліхадзедава. І другая акалічнасць: калекцыянер перадаў шэраг прадметаў у дар Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. З гэтымі каштоўнымі для гісторыі прадметамі мы і маем магчымасць пазнаёміцца ў каталогу.

Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Павел САПОЦЬКА абазначае ў «Прадмове», якая адкрывае выданне: «...Сярод каштоўнасцей — прывілей караля Рэчы Паспалітай Сігізмунда ІІІ Вазы Мінскаму ўніяцкаму кляштару (1617), унікальныя рукапісныя рэгістрацыйныя кнігі культавых устаноў XVІІІ — XІX стст., экзэмпляры «Гродзенскіх губернскіх ведамасцей» за 1841 г. — адной з першых беларускіх газет XІX стагоддзя, пісьмовы прыбор князёў Радзівілаў, медаль за ўзяцце горада Полацка Стэфанам Баторыем у 1579 годзе, памятная чыгунная пліта да 500-годдзя перамогі ў Грунвальдскай бітве, медаль удзельнікаў перамоў па Брэсцкім міры 1918 года і іншыя.

9 16 kopiya 8

Кожны прадмет па-свойму адметны: кнігі ўвабралі мудрасць стагоддзяў, пісьмовыя прылады — энергетыку сваіх славутых гаспадароў, медалі сталі сімваламі значных палітычных падзей, сталовыя прыборы — помнікамі ювелірнага майстэрства...

Праект паказвае, як можна захоўваць і папулярызаваць сваю спадчыну, ставячыся да яе з глыбокай павагай. Такім чынам вяртаюцца памяць, каштоўнасці, імёны. Вяртаецца нацыянальны набытак, які павінен слугаваць беларусам у імя будучыні і нашых сучасных дасягненняў!..»

Хочацца падзякаваць калекцыянеру філакартысту Уладзіміру Ліхадзедаву за яго грамадскія інціыятывы, а Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі — за высокі ўзровень арганізацыі дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў асветніцкай, калекцыянерскай справе. Сам факт дарэння прадметаў з уласнай калекцыі — яркі прыклад для многіх збіральнікаў памятак даўніны, гістарычных і мастацкіх артэфактаў. Калекцыі тады нешта значаць, калі яны вядомыя шырокай грамадскасці.

Крыніца: zviazda.by