Партнёрства дзяржавы і калекцыянера

20b7ba75568e4e355d095ed406e5de33 XL

Уладзіміра Аляксеевіча ЛІХАДЗЕДАВА, вядомага беларускага філакартыста, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, добра ведаюць у Беларусі, суседніх краінах. На працягу амаль дваццаці гадоў на старонках газеты «СБ. Беларусь сегодня» штотыднёва друкуюцца рэпрадукцыі старых паштовак з яго калекцыі з тэкстамі, якія выступаюць па той ці іншай тэме каментарыямі, падказчыкамі ў дачыненні да пэўных гістарычных адрэзкаў часу. Газетная рубрыка «У пошуках страчанага» вылілася ў агульны творчы, асветніцкі, выдавецкі аднайменны праект. Калекцыянер пры падтрымцы музеяў краіны, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, уласнымі намаганнямі арганізаваў цэлы шэраг выставак старых паштовак.

Уладзімірам Ліхадзедавым выдадзены і каля трыццаці філакартычных альбомаў. А цяпер серыя кніг «У пошуках страчанага», якая ўзнікла дзякуючы калекцыянеру лаурэату Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміру Ліхадзедаву, набывае новы фармат. У ёй выдадзены «Каталог выставы «Вайна і мір. Вяртанне» ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь».

Невялікі наклад у 200 экзэмпляраў гэтага сапраўды ўнікальнага выдання абавязвае болей падрабязна распавесці пра дадзены кніжны праект. Раней у серыі выдаваліся філакартычныя альбомы. Але тое, што здзяйснялася ў межах праекта «У пошуках страчанага», было звязана і з шырокай выставачнай дзейнасцю. Выстаўка «Вайна і мір. Вяртанне» – адна з адметных прэзентацый артэфактаў рознага характару, а не толькі старых паштовак, са збораў Уладзіміра Ліхадзедава. І другая акалічнасць: калекцыянер перадаў цэлы шэраг прадметаў у дар Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. З гэтымі прадметамі, з гэтымі гістарычнымі каштоўнасцямі мы і маем магчымасць пазнаёміцца ў каталогу.

Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Павел САПОЦЬКА вось што абазначае ў «Прадмове», якая адкрывае выданне: «... Сярод каштоўнасцей – прывілей караля Рэчы Паспалітай Сігізмунда III Вазы Мінскаму ўніяцкаму кляштару (1617), унікальныя рукапісныя рэгістрацыйныя кнігі культавых устаноў XVIII – XIX стст., экзэмпляры «Гродзенскіх губернскіх ведамасцей» за 1841 г. – адной з першых беларускіх газет XIX ст., пісьмовы прыбор князёў Радзівілаў, медаль за ўзяцце горада Полацка Стэфанам Баторыем у 1579 г., памятная чыгунная пліта да 500-годдзя перамогі ў Грунвальдскай бітве, медаль удзельнікаў перамоваў па Брэсцкім міры 1918 г. і іншыя .

Кожны прадмет са сваёй гісторыяй: кнігі ўвабралі мудрасць стагоддзяў, пісьмовыя прылады – энергетыку сваіх славутых гаспадароў, медалі сталі сімваламі значных палітычных падзей, сталовыя прыборы – помнікамі ювелірнага майстэрства...

Праект паказвае, як можна захоўваць і папулярызаваць сваю спадчыну, ставячыся да яе з глыбокай павагай!

Такім чынам вяртаецца памяць! Вяртаюцца каштоўнасці! Вяртаюцца імёны! Вяртаецца нацыянальны набытак, які павінен слугаваць беларусам у імя будучыні і нашых сучасных дасягненняў!..»

Застаецца толькі падзякаваць калекцыянеру філакартысту Уладзіміру Ліхадзедаву за яго грамадскія інціыятывы, а Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальную бібліятэку Беларусі – за высокі ўзровень арганізацыі дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў асветніцкай, калекцыянерскай справе. Сам факт дарэння У. Ліхадзедавым прадметаў са сваёй калекцыі – яркі прыклад для многіх збіральнікаў памятак даўніны, гістарычных і мастацкіх артэфактаў. Калекцыі тады нешта значаць, калі яны вядомыя шырокаму грамадству.

Мажліва, з часам у нас з’явяцца і каталогі, якія прысвечаны іншым прыватным зборам. І ў галіне выяўленчага мастацтва, і з прадметамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Мы ўжо шмат чаго згубілі, не ведаем, які лёс у цэлага шэрагу калекцый збіральнікаў прадметаў беларускай гісторыі. Хаця калекцыянеры былі ў свой час адкрытыя да стасункаў, ахвотна паказвалі свае зборы музейшчыкам, журналістам. Асабліва шмат страчана, беззваротна згублена ў беларускай правінцыі. Імёны многіх прыватных калекцыянераў усё яшчэ на слыху, а вось дзе іх калекцыі – пра гэта ў большасці выпадкаў мы проста не ведаем.

Крыніца: sozvuchie.by