Сёлета павінна выйсці кніга «Родны небасхіл у сэрцы»

Тэма суайчыннікаў заўсёды мае свае актуаліі. Гісторыя папярэдніх дзесяцігоддзяў, савецкі перыяд часу, ды і ранейшыя стагоддзі накладвалі сваю пячатку на міграцыйныя працэсы. І беларусы, як высвятляецца, паўсюль былі запатрабаваныя. Таму і ўвага дзяржавы да стварэння гісторыі гэтых працэсаў — і дакументальнай, і мастацка-публіцыстычнай — выяўляецца заўсёды.


Як прыклад — наступны праект. Выдавецкі дом «Звязда» выконвае падпраграму «Беларусы замежжа» Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі». У яе межах, пачынаючы з 2017 года, пабачылі свет некалькі тамоў у агульнай серыі «Адрасы Беларусі ў свеце».

Вось і сёлета пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства замежных спраў нашай краіны павінна выйсці кніга «Родны небасхіл у сэрцы» ў дзвюх частках. У першай будзе ісці расповед пра лёсы нашых суайчыннікаў у Расіі, пра тыя мясціны Расіі, якія так ці іначай звязаны з Беларуссю. Другая частка, другі том — пра беларускую повязь з краінамі Цэнтральнай Азіі — Казахстанам, Кыргызстанам, Туркменістанам, Таджыкістанам, Узбекістанам.

Чытача чакае сустрэча з лёсамі пісьменнікаў, археолагаў, падарожнікаў, вучоных розных спецыяльнасцяў, акцёраў, рэжысёраў, мастакоў, якія засведчылі сябе справамі ў розных старонках свету. Назавём імёны некаторых нашых суродзічаў, пра якіх расказваюць розныя аўтары, — Мікола Калінковіч, Міхась Карпенка, Зінаіда Марская, Мікіта Брылёў, Сяргей Юрэнеў...

Крыніца: zviazda.by