Пабачыў свет чарговы нумар Брэсцкага раённага краязнаўчага альманаха

25.06.2020 2Адзін з самых знакамітых помнікаў беларускай музычнай культуры, датаваны 1640-1670 гадамі, называецца «Полацкім сшыткам». А на самой справе ён паходзіць з вёскі Астрамечава Брэсцкага раёна. Аб гэтым неаднойчы і ў друку, і на навуковых канферэнцыях казаў выдатнейшы даследчык нашай мінуўшчыны, доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс. Фактычна ён і натрапіў на след унікальнага дакумента XVII стагоддзя ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве, а таксама меў непасрэднае дачыненне да таго, што помнік музычнай культуры (у рукапіс уваходзяць песні, канты, інструментальныя творы і вялікая колькасць прыкладаў танцавальнай музыкі) стаў называцца «Полацкім сшыткам».

Пачалося ўсё ў 1964 годзе, калі ў Ягелонскай бібліятэцы Адаму Мальдзісу прапанавалі глянуць на рэлігійны служэбнік, які, верагодна, паходзіў з Астрамечава. Беларускі вучоны звярнуў увагу на тое, што ў тоўстым абкладзе старой кнігі праглядваецца нейкі рукапіс. Ужо потым вядомы польскі музыказнаўца Ежы Голас выявіў у вокладцы «Астрамечаўскі рукапіс». Хутка палякі выдалі невялікі дыск, на якім гучала беларуская музыка барока, і па месцу знаходжання рукапісу яна была названа «Ягелонскай».

Праз нейкі час пасля выдання польскай грампласцінкі Адам Мальдзіс разам са сваім сябрам Уладзімірам Караткевічам былі на канцэрце ансамбля «Кантабіле», які выконваў творы італьянскіх, французскіх, рускіх кампазітараў. Як успамінае Адам Мальдзіс, яго сябра абурыўся: «А дзе ж беларускае барока? Няўжо яго не было? Што ж мы тады слухалі ў цябе з той польскай кружэлкі?» У антракце Адам Іосіфавіч прапанаваў «Кантабіле» дапоўніць рэпертуар нядаўна знойдзенай старажытнай музыкай. Гэта вызвала зацікаўленасць, але хто ведае Астрамечава? Вось Полацк – гэта гісторыя! Як прызнаецца Адам Мальдзіс, ён быў вымушаны згадзіцца – лепей выкананне пад такім брэндам, чым увогуле замоўчванне.

25.06.2020 3Але адстойвання гістарычнай праўды прафессар не пакінуў. Тым болей, што ў гэтым яго падтрымалі кіраўнік сельскагаспадарчага калектыва «Астрамечава» Аляксей Скакун, супрацоўнікі мясцовага Дома культуры. Дырэктар раённага Дома рамёстваў Таццяна Лук’янюк з гордасцю паказвае некалькі велізарных папак з інфармацыяй аб тым, што нацыянальная славутасць паходзіць менавіта з Астрамечава. Захоўваецца ў дырэктара і першыя нумары альманаха «Астрамечаўскі рукапіс».

Альманах «Астрамечаўскі рукапіс» выходзіць у Брэсце. Заснавальнікамі гэтага малатыражнага выдання з’яўляюцца Брэсцкі раённы выканаўчы камітэт, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага райвыканкама, Брэсцкае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, Брэсцкая раённая бібліятэчная сетка. Выданне штоквартальнае. Рэдактар і ўкладальнік – пісьменнік, краязнаўца Аляксандр Валковіч. У склад рэдакцыйнай калегіі альманаха ўваходзяць У. Сянчук, П. Валынец, Л. Балашова, С. Чусаўлянкіна, Э. Марозава, Ж. Гарустовіч, А. Мальдзіс, А. Карлюкевіч, С. Панасюк, Т. Дземідовіч. Навуковыя кансультанты – доктар філалагічных навук, прафесар Адам Іосіфавіч Мальдзіс, доктар філалагічных навук, кіраўнік лабараторыі «Фалькларыстыка і краязнаўства» Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Іна Анатольеўна Пушкіна. Тыраж выдання – 99 экзэмпляраў. Аб’ём – 8-10 друкаваных аркушаў. Друк лічбавы. Альманах выдаецца на дзвюх мовах. Хаця на беларускай мове ў «Астрамечаўскім рукапісе» звычайна змяшчаюцца лічаныя матэрыялы.

Другі ў 2020 годзе (і 30-ы ўвогуле з часу заснавання) нумар у значнай ступені прысвечаны тэме Вялікай Перамогі. Зразумела, не выпадковай з’яўляецца наступная рубрыка – «Беларусь памятае». У ёй – асноўная частка публікацый. Тэма Вялікай Айчыннай, ушанавання памяці пра землякоў, якія загінулі, – у артыкулах, карэспандэнцыях Васіля Басацкага, Яўгена Бабенкова, Марыны Самасевіч, Аляксандра Колесава, Наталлі Талкачовай, Зоі Федчанкавай. Матэрыялы досыць грунтоўна, наколькі дазваляе фармат выдання, ілюстраваныя. У гэтым – таксама адметнасць краязнаўчага альманаха. Пройдзе час – і, магчыма, адзінай публіцыстычнай, візуальнай інфармацыяй, ілюстрацыйнай крыніцай да той ці іншай рэгіянальнай тэмы будуць якраз пэўныя старонкі «Астрамечаўскага рукапісу».

Іншыя раздзелы, рубрыкі альманаха – «Святкаванне 75-годдзя Перамогі», «Астрамечава і астрамечаўцы», «Чароўныя спевы і паданні», «Народныя святы і паданні», «Літаратурная сядзіба», «Вернісаж», «Калаўрот культурнага жыцця», «Старонкі гісторыі». У публікацыях, якія пададзены ў гэтых раздзелах, – і гісторыя, і сучаснасць. Відавочна, што ў значнай ступені пазіцыя рэдактара выдання, заснавальнікаў якраз і заключаецца ў тым, каб адлюстраваць сучасны рэгіёназнаўчы характар сацыяльнага жыцця. У дадзеным выпадку – расказваць пра адметнасці, асаблівасці жыцця ў Брэсцкім раёне з розных пунктаў гледжання. Функцыянальна гэта, несумненна, апраўдана. Хаця разам з тым хацелася б бачыць болей насычаным такі, напрыклад, раздзел – «Старонкі гісторыі». У другім (ці трыццатым) нумары ў ім змешчаны публікацыі «Гісторыя брэсцкай вёскі Аркадзія з XVII стагоддзя» Наталлі Шляжко (перадрук з газеты «Брестский вестник») і «Камень з вёскі Кабёлка Брэсцкага раёна, які крычыць» Віктара Гайдучыка. Дарэчы, пошук аўтара другога артыкула быў справакаваны ранейшай публікацыяй у «Астрамечаўскім рукапісе» запісанага ў 2012 годзе студэнткай філфака Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта падання ад жыхаркі вёскі Кабёлка. Так што, выснова наступная – чытайце ўважліва фальклорныя запісы, якія сістэмна друкуюцца ў краязнаўчым альманаху.

Вось і ў другім (трыццатым) нумары рэгіянальнага краязнаўчага выдання доктар філалагічных навук Іна Швед змясціла артыкул «Русальны тыдзень на Берасцейшчыне», грунтоўна апісаўшы народную традыцыю. «Адным з вельмі шанаваных у народным календары жыхароў Берасцейшчыны тыдняў з’яўляецца Русальніца, якая пачыналася ў панядзелак пасля Сёмухі. У гэты час забаранялася прасці і ткаць, садзіць гародніну, гарадзіць платы і падобнае. Асабліва сцерагліся працаваць у «Градовую» («Сухую») сераду (як і пасля Пасхі), каб не наклікаць градабой, навальніцу ці засуху», – пачынае расповяд глыбокі знаўца берасцейскага і ўвогуле беларускага фальклора Іна Швед. Далей ідуць запісы песень-вяснянак, звязаных з рытуалам гукання вясны. Адрас запісаў – вёска Ляплёўка Брэсцкага раёна. Фальклорныя матэрыялы, якія змяшчаюцца ў «Астрамечаўскім рукапісе», як правіла, з адпаведнымі каментарамі, – добры ўзор выкарыстання фальклору ў вывучэнні пэўнай мясцовасці. І выдатна, што ў рэдактара выдання ёсць такі памагаты, як кіраўнік лабараторыі «Фальклор і краязнаўства» спадарыня Іна Швед. Складзеныя разам, яе публікацыі ўяўляюць цэласную фальклорную рэгіёназнаўчую кнігу. І яе трэба было б выдаць асобна. Як прыватная, магчыма, у нейкай ступені суб’ектыўная парада для фарміравання зместу альманаха. Варта было б надрукаваць у «Астрамечаўскім рукапісе» інструкцыю па арганізацыі фальклорных запісаў. Некалі такія практыкі былі ў краязнаўчых выданняў 1920-х гадоў. Можна нават перадрукаваць на гэтую тэму адну з публікацый славутага беларускага часопіса «Наш край». Альбо такую рэкамендацыйную інструкцыю з улікам сучаснага досведу выкладзе Іна Швед. Навошта гэта трэба? Каб прыцягнуць да запісаў новых патэнцыйных аўтараў альманаха. Мо, напрыклад, з ліку бібліятэкараў, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці у клубных установах раёна?..

«Астрамечаўскаі рукапіс», які, безумоўна, з’яўляецца на свет і дзякуючы энтузіязму, публіцыстычным, краязнаўчым зацікаўленням пісьменніка Аляксандра Валковіча, – унікальны ўзор арганізацыі, выдання краязнаўчай перыёдыкі ў нашай краіне. Прыйдзе час – і яго нумары складуць разам адметную краязнаўчую энцыклапедыю па вывучэнню жыцця Брэсцкага раёна.

Крыніца: sozvuchie.by