Запрашаем на фестываль «PROдвижение книги. Библиотечные ступени»!

Фестываль «PROдвижение книги. Библиотечные ступени» пройдзе ў Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці 29 красавіка 2021 года. Мерапрыемства, прысвечанае Году народнага адзінства і 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, сёлета мае назву «У кніжнай памяці імгненні вайны».


У рамках фестывалю адбудзецца раённы конкурс сярод структурных падраздзяленняў Карэліцкай раённай бібліятэкі і на найлепшую арганізацыю выставачнай работы, прысвечанай 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны «У кніжнай памяці імгненні вайны». Наведвальнікаў чакаюць прэзентацыі тэматычных праектаў у наступных намінацыях: «Маленькія героі вялікай вайны», «Лёс, абпалены вайной», «Песня дапамагала ў час вайны», «Жывёліны на франтах Вялікай Айчыннай вайны», «Сіла слабых» (жанчыны ў часы Вялікай Айчыннай вайны).

Акрамя таго ўсе жадаючыя змогуць трапіць на творчыя сустрэчы з беларускай пісьменніцай, журналісткай Людмілай Рублеўскай, дзіцячай паэтэсай, перакладчыцай Інай Фраловай, з паэтам, публіцыстам, журналістам Навумам Гальпяровічам і рэдактарам мастацкага аддзела часопіса сатыры і гумару «Вожык», мастаком-карыкатурыстам Аляксандрам Каршакевічам. Таксама пройдзе прэзентацыя новых серый і кніг ад выдавецтва «Мастацкая літаратура» з удзелам галоўнага рэдактара, пісьменніка, паэта, перакладчыка Віктара Шніпа.

ПРОдвижение афиша.jpg

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».